Заяўнікі мітынгу і арганізатары канцэрту да 100-годзьдзя Беларускай Народнай Рэспублікі ў Менску сустрэліся 12 сакавіка з прадстаўнікамі ГУУС Менгарвыканкаму. Пра гэта паведаміў Свабодзе старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч.

Пачатак мітынгу-канцэрту а 14-й гадзіне, збор каля Опэрнага тэатру — а 13-й. Завяршэньне плянуецца а 19-й гадзіне. Мерапрыемства пройдзе пад лёзунгам «Сьвята незалежнасьці».

Міліцыянты згадалі пра «незаплянаваны сцэнар»

Паводле Губарэвіча сустрэча прайшла без ультыматумаў, як зазвычай гэта было ў мінулыя гады.

«Аднак прагучала, што калі мерапрыемства пойдзе не па заплянаваным сцэнары, то ў гарадзкой міліцыі будзе дастаткова сіл і сродкаў, каб яго спыніць. Але што мелася на ўвазе пад «незаплянаваным сцэнаром» не тлумачылася. Традыцыйна яны прадэманстравалі сваю рашучасьць дзейнічаць у тым ліку і сілавымі мэтадамі. Але спадзяюся, што да гэтага не дойдзе. Бо ўсе дэталі, якія выклікалі сумневы ў патэнцыйных удзельнікаў — адносна выкарыстаньня нацыянальнай сымболікі, рэжыму пропуску — мы абмеркавалі і знайшлі паразуменьне», — сказаў Юрась Губарэвіч.

Можна браць бел-чырвона-белыя сьцягі

Адносна праносу і выкарыстаньня бел-чырвона-белых сьцягоў прадстаўнікі міліцыі сказалі, што будуць абапірацца на рашэньне Менгарвыканкаму.

«Прадстаўнік Менгарвыканкаму пацьвердзіў, што тыя абмежаваньні, якія ёсьць у рашэньні адносна мерапрыемства, датычаць найперш лёзунгаў ці транспарантаў, якія не маюць ніякага дачыненьня да тэматыкі мерапрыемства. Было пацьверджана, што адносна нацыянальнай сымболікі ніякіх абмежаваньняў не будзе. Можна браць бел-чырвона-белыя сьцягі, вуды, каб было зручна размахваць».

Прадстаўнікі міліцыі пацьвердзілі пра намер шчыльна каардынавацца з дружынай, якая будзе створана арганізатарамі.

Падчас акцыі ў тэатры будзе спэктакль

Таксама міліцэйскае кіраўніцтва цікавіла, якім чынам будзе разьмешчана сцэна, кропкі па гандлі сувэнірамі і прадуктамі, біяпрыбіральні і грымёркі для артыстаў.

«Таксама было згадана, што Опэрны тэатар мае два спэктаклі ў 12 і 18 гадзін. Таму гледачы павінны мець магчымасьць доступу да будынку. Таксама мы абмеркавалі меры бясьпекі і разьмяшчэньне турнікетаў. Рэжым дагляду будзе не больш строгі за звычайны, які ўжываецца пры правядзеньні гарадзкіх марапрыемстваў, такіх як музычныя вечары на плошчы Свабоды».

Удакладненне:

У першаснай версіі артыкула гаварылася, што рэжым дагляду будзе не менш строгі за звычайны, які ўжываецца пры правядзеньні гарадзкіх марапрыемстваў. Насамрэч рэжым дагляду будзе не больш строгі за звычайны.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна