60-гадовая жыхарка горада Узда заявіла ў міліцыю аб знікненні $2000. Па версіі міліцыі, на працягу года гэтыя грошы траціў яе былы муж, паведамляе УУС Мінаблвыканкама.
Усё пачалося з таго, што былы муж даведаўся, дзе схаваная заначка былой жонкі. Першапачаткова фігурант не рызыкаваў прысвойваць вялікія сумы, а браў сабе грошы невялікімі часткамі. Аднак, у рэшце рэшт, зусім забраў ўвесь пакінуты грашовы запас і з'ехаў на адпачынак.
Апошнія 24 гады пара была ў разводзе, але ў сілу жыццёвых абставінаў жыла ў адным доме разам з сынам.
У дачыненні да затрыманага заведзена адразу тры крымінальныя справы па ч.2 арт. 205 КК Беларусі — па колькасці эпізодаў. Праводзіцца расследаванне.





