Былыя фігуранты справы «Аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў» Андрэй Дундукоў, Віктар Мароз, Сяргей Стрыбульскі і Віктар Данілаў накіравалі калектыўны грамадзянскі пазоў у суд Маскоўскага раёна Мінска, паведамляе «Вясна».

Пазоўнікі просяць кампенсаваць маральную шкоду, атрыманую ў выніку незаконнага затрымання, прыцягнення іх у якасці абвінавачаных, утрымання пад вартай, а таксама прымянення падпіскі аб нявыездзе і належных паводзінах. Адказнікам у справе выступае Міністэрства фінансаў.

Папярэдняе судовае слуханне прызначана на 27 сакавіка, 14.30. Справу будзе разглядаць суддзя суда Маскоўскага раёна Вольга Краўчанка.

У сваім пазове былыя фігуранты справы «Аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў» спасылаюцца на артыкулы 939 і 968-970 Грамадзянскага кодэксу Беларусі, якія прадугледжваюць пакрыццё маральнай шкоды за кошт дзяржаўнай казны незалежна ад віны таго, хто нанёс шкоду.

Нагадаем, крымінальная справа «Аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў» (ч.3 арт.293 КК) была распачатая КДБ напярэдадні акцыі 25 сакавіка 2017 года. У межах яе былі затрыманыя больш за 30 асобаў, якія ўтрымліваліся ў следчых ізалятарах КДБ і МУС, паступова частка з іх была вызваленая з-пад варты і крымінальны пераслед супраць іх быў спынены, а 16-ці фігурантам было прад’яўленае дадатковае абвінавачанне па артыкуле 287 КК — «Аб стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання». На момант, калі за кратамі заставаліся 14 фігурантаў справы, СК паведаміў, што прыняў да вытворчасці справу аб стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання, а крымінальны пераслед тых жа асобаў на падставе ч.3 арт.293 КК КДБ спыніў. 

27 лістапада Следчы камітэт спыніў крымінальны пераслед ўсіх фігурантаў справы па арт. 287 КК Беларусі. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0