На гэтым тыдні ў Барысаве распачалі адразу дзве крымінальныя справы за спакушэнне дзяцей. Кайданкі надзелі на мужа выхавальніцы дзіцячага дома сямейнага тыпу, затым — на настаўніка фізікі, паведамляе Tut.by.

Фото: Reuters

Фота: Reuters.

— 21 сакавіка праваахоўнымі органамі Барысаўскага раёна распачата крымінальная справа па ч.3 арт. 167 КК «Гвалтоўныя дзеянні сэксуальнага характару» ў дачыненні да 50-гадовага настаўніка фізікі. Па версіі следства, знаходзячыся па месцы свайго жыхарства, неаднаразова, выкарыстоўваючы бездапаможны стан дзяцей у сілу іх малалетняга ўзросту, ён здзяйсняў дзеянні сэксуальнага характару, - паведаміла Наталля Ленартовіч, афіцыйны прадстаўнік пракуратуры Барысаўскага раёна.

Пацярпелыя па справе — два хлопчыкі. Аднаму вучню 10 гадоў, другому — 11. З дзецьмі цяпер працуе псіхолаг. Настаўнік затрыманы і знаходзіцца ў статусе падазраванага.

У пракуратуры адзначаюць: іх супрацоўнікі разам з міліцыяй і супрацоўнікамі аддзела адукацыі праводзяць сустрэчы з дзецьмі. Спецыялісты распавядаюць, як павінны паводзіць сябе дзеці, калі да іх пачынаюць прыставаць, куды трэба ісці і да каго звяртацца па дапамогу.

Як распавядае Наталля Ленартовіч, падчас адной з такіх сустрэч яна звярнула ўвагу на дзяўчынку. Дзіця было замкнёным, дзяўчынка відавочна нешта недагаворвала. Калі яна засталася сам-насам з псіхолагам, адкрылася і расказала: яна расце ў дзіцячым доме сямейнага тыпу і да яе прыстае муж выхавальніцы.

— У дачыненні да 62-гадовага мужчыны распачата крымінальная справа па ч.1 арт. 168 КК «Палавыя зносіны і іншыя дзеянні сэксуальнага характару з асобай, якая не дасягнула шаснаццацігадовага ўзросту». Злачынствы адбываліся з 2015 па 2017 год, — каментуе Наталля Ленартовіч, афіцыйны прадстаўнік пракуратуры Барысаўскага раёна. — Зараз усе 10 дзяўчынак, якія знаходзіліся на выхаванні, канфіскаваныя з сям'і, яны змешчаны ў сацыяльны прытулак. Пракуратура рыхтуе акт нагляду аб неадкладным закрыцці дадзенага дзіцячага дома сямейнага тыпу.

Цяпер гаворка ідзе пра адну пацярпелую. Па версіі следства, мужчына да яе чапляўся не ў доме, дзе жыла вялікая сям'я, а ва ўласным, куды дзеці ездзілі мыцца ў лазню па выходных.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0