У Беларусі распрацоўваецца праграма комплекснай мадэрнізацыі жылога фонду, праекціроўшчыкі працуюць над новымі праектамі дамоў, якія будуць ацяпляцца электрычнасцю. А вось пераход на стопрацэнтную камуналку нам пакуль не пагражае. Пра гэта распавёў віцэ-прэм'ер Анатоль Калінін на адкрыцці дваццатай спецыялізаванай выставы «Вада і цяпло», паведамляе Tut.by.

Праграма па мадэрнізацыі распрацоўваецца сумесна з міністэрствам ЖКГ, распавёў Анатоль Калінін.

— Як мінімум 70% жылога фонду павінны мадэрнізаваць і ў 1,5-2 разы знізіць энергазатраты. Гэта адна з галоўных задач у сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

Віцэ-прэм'ер таксама падкрэсліў, што мяркуецца «вырашыць пытанні па тарыфнай палітыцы», каб тарыф на цеплавую энергію быў роўны тарыфу на электрычную энергію. «Тады ў спажыўца будзе выбар», — лічыць віцэ-прэм'ер.

На пытанне, калі будзем плаціць за цеплавую энергію 100%, Калінін выказаў здагадку, што «гэта адбудзецца паралельна з ростам даходаў насельніцтва».

— Можа быць, гэта будзе 2025 г., можа пазней.

Пакуль, па словах віцэ-прэм'ера, насельніцтва кампенсуе толькі 18-20% кошту цеплавой энергіі. Нагадаем, такія ж лічбы ў лютым называў намеснік гендырэктара «Белэнэрга» Сяргей Шабека: «Насельніцтва кампенсуе каля 80% выдаткаў на электраэнергію, 20% — на цеплавую».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0