«Мы выявілі, што ў гіпакампе (цэнтры памяці — НН) пажылых людзей могуць фарміравацца тыя ж дзясяткі тысяч новых нейронаў, як і ў мазгах моладзі. На карысць гэтага сведчыць і тое, што аб'ём цэнтра памяці ў старых і маладых людзей прыкладна аднолькавы», — заявіла Маўра Балдрыні з Калумбійскага ўніверсітэта ў Нью-Ёрку.

Дагэтуль апошнія назіранні паказвалі, што ў некаторых частках мозга прысутнічаюць досыць вялікія калоніі ствалавых клетак, якія, як меркавалася, удзельнічаюць у нейрагенезе (узнікненні новых нейронаў).

У лютым 2018 года нейрафізіёлагі з Цюрыха заявілі, што ствалавыя клеткі амаль цалкам знікаюць да старасці, таму і нервовыя клеткі не могуць аднаўляцца ў старых людзей.

Балдрыні і яе калегі высветлілі, што гэта не так, вывучыўшы структуру фрагментаў гіпакампу, вынятых з мозгу трох дзясяткаў маладых і пажылых людзей, якія памерлі ў аўтакатастрофах і па іншых прычынах, не звязаных з хваробамі нервовай сістэмы.

Пазначыўшы ўсе ствалавыя клеткі пры дапамозе хімічных фарбавальнікаў, навукоўцы падлічылі іх колькасць і паспрабавалі зразумець, ці сапраўды іх запасы змяншаюцца да моманту наступлення старасці, і, калі так, як гэта ўплывае на тэмпы ўтварэння новых нейронаў.

Як аказалася, запасы некаторых тыпаў ствалавых клетак сапраўды былі на мінімальным узроўні. Але ж гэта ніяк не ўплывала на з'яўленне новых нейронаў у цэнтры памяці — у іх фарміраванні былі задзейнічаны іншыя віды «нарыхтовак» нервовых клетак, колькасць якіх не падае з узростам. Усё гэта сведчыць аб тым, што нейроны працягваюць фарміравацца да самай смерці чалавека.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?