У Італіі 30-гадовы водаправодчык, ураджэнец Беларусі, зладзіў перастрэлку з карабінерамі. Такім чынам ён хацеў скончыць жыццё самагубствам, паведамляе Tut.by са спасылкай на La Stampa і La Repubblica.
Ураджэнец Беларусі Віталь А., які пражывае ў Гасіна-Тарынэзэ непадалёк ад Турына, уначы 6 красавіка некалькі разоў стрэліў у патруль карабінераў, а затым паспрабаваў схавацца ад іх на VW Golf.
Падчас пераследу ён некалькі разоў адкрываў агонь у бок паліцыі, карабінеры ў адказ сталі страляць па колах аўтамабіля.
Пасля працяглай пагоні Golf з прабітым колам быў заблакаваны карабінерамі і дарожнай паліцыяй на выездзе з шашы. Пры затрыманні ён не супраціўляўся. Ні карабінеры, ні мужчына ў інцыдэнце не пацярпелі.
Паліцыя знайшла ў машыне беларуса паўаўтаматычны пісталет, зараджаны халастымі патронамі. Падчас ператрусу яны таксама знайшлі запіску, у якой мужчына паведамляе пра сваё жаданне памерці ў перастрэлцы з паліцыянтамі і загадзя просіць у іх прабачэння.
СМІ адзначаюць, што беларус знаходзіцца ў стане цяжкай дэпрэсіі.





