На выбарах прэзідэнта Чарнагорыі, паводле папярэдніх звестак, перамог Міла Джуканавіч.

За лідара кіруючай Дэмакратычнай партыі сацыялістаў прагаласавалі амаль 54% выбарцаў, піша Бі-бі-сі.

Яго бліжэйшы канкурэнт, апазіцыянер Младэн Баяніч, атрымаў амаль 34% галасоў.

Міла Джуканавіч займаў высокія дзяржаўныя пасады ад 1991 года. Ён чатыры разы станавіўся прэм'ер-міністрам, быў міністрам абароны, а таксама меў адзін прэзідэнцкі тэрмін, у 1998—2002 гадах.

У лістападзе 2016 года ў Чарнагорыі заявілі, што «рускія нацыяналісты» планавалі забіць прэм'ера Джуканавіча.

Як сцвярджалі СМІ, члены групоўкі дзейнічалі пад кантролем генерала Браціслава Дзікіча, вядомага сваёй прарасейскай пазіцыяй.

Па словах спецпракурора Чарнагорыі, зламыснікі такім чынам хацелі перашкодзіць уступленню Чарнагорыі ў НАТА.

Пры гэтым, як заявіў пракурор, у яго няма ніякіх доказаў таго, што да арганізацыі замаху была датычная ўлада Расіі.

У чэрвені мінулага года Чарнагорыя афіцыйна стала 29-м сябрам НАТА.

У расійскім МЗС тады заявілі, што «ў святле варожай лініі чарнагорскай ўлады» Масква пакідае за сабой права на меры ў адказ, не ўдакладніўшы, якія менавіта дзеянні разглядаюць як варожыя.

Як паведамлялі чарнагорскія СМІ, Джуканавічу і іншым палітыкам, якія падтрымалі далучэнне да НАТА, быў забаронены ўезд у Расію.

Прэзідэнт у Чарнагорыі абіраецца на пяць гадоў.

Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Міла Джуканавіча. «Ваша перамога сведчыць аб падтрымцы грамадзянамі курсу на забеспячэнне стабільнасці, паступальным развіцці дзяржавы і ўмацавання яе аўтарытэту на міжнароднай арэне. Спадзяюся на далейшае пашырэнне сяброўскіх беларуска-чарнагорскіх адносін і плённае супрацоўніцтва ва ўсіх сферах узаемнага інтарэсу», - гаворыцца ў віншаванні кіраўніка Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0