Былы прэзідэнт, а пасля прэм'ер-міністр Арменіі Серж Саргсян сёння падаў у адстаўку пад ціскам дэманстрацый і страйкаў. Навіна пра сыход нязменнага кіраўніка краіны выклікала эйфарыю ў жыхароў Ерэвана.
На цэнтральнай плошчы горада сабраўся шматтысячны мітынг. Людзі танцавалі, слухалі лідараў апазіцыі і нават смажылі шашлыкі. Вось відэастрым:
Лідар апазіцыйнага руху «Выйсце» Нікол Пашынян з трыбуны мітынгу заклікаў правесці датэрміновыя парламенцкія выбары і расказаў пра падзеі апошняга дня, калі яго спачатку арыштавалі супрацоўнікі армянскай дзяржбяспекі, а пасля да яго ў турму прыбылі высокапастаўленыя асобы з кіраўніцтва краіны на перамовы.
Пашынян падкрэсліў, што ў армянскай аксамітнай, бяскроўнай рэвалюцыі няма ніякага геапалітычнага кантэксту.
Арменія абапіраецца на Расію, будучы аточаная з трох бакоў мусульманскімі краінамі і знаходзячыся ў стане фактычнай вайны з Азербайджанам, блізкім саюзнікам Турцыі.
Апазіцыя запатрабавала прызначэння новага часовага ўрада на час да датэрміновых выбараў. На думку Пашыняна, выбары новага прэм'ер-міністра павінны адбыцца «на працягу тыдня»
Што тычыцца датэрміновых парламенцкіх выбараў, то, згодна з Пашынянам, яны павінны быць праведзены ў «самыя кароткія лагічныя тэрміны».
ЗША заявілі пра гатоўнасць працаваць з новым урадам.
У сераду, 25 красавіка, працягнуцца перамовы «вакол мірнай перадачы ўлады ў Арменіі» з выконваючым абавязкі прэм'ер-міністра Карэнам Карапецянам.
Ён таксама паведаміў, што з Карэнам Карапецянам у яго ёсць выразная дамоўленасць аб тым, што ўсе затрыманыя і арыштаваныя падчас акцый пратэсту павінны быць неадкладна, «да канца сённяшняга дня, да канца гэтага мітынгу», вызваленыя.
Расійскія СМІ пра падзеі ў Ерэване паведамляюць мінімальна.