Мінчук Фёдар Бабанаў быў затрыманы 19 красавіка. Яго вінавацяць у распаўсюдзе порна — адпаведны ролік быў размешчаны на старонцы хлопца ў сацсетках.

Бабанаў распавёў праваабаронцам-вясноўцам падрабязнасці затрымання.

Па словах хлопца, яго выклікалі да ўчастковага штосьці падпісаць. Там трое ў цывільным накінулі на яго кайданкі і адвезлі ва ўпраўленне ГУБАЗіК. Па дарозе ўвесь час гучалі абразы, сцвярджае Бабанаў.

«Казалі: «Такіх, як ты, не павінна існаваць. Ты — біясмецце», — узгадвае Бабанаў.

Ён расказвае, што яго паставілі на расцяжку і пачалі распытваць не пра ролік у сацсетках, а пра сяброў-анархістаў. Затым хлопца адвезлі ў Следчы камітэт, дзе дапыталі. Кайданкі знялі толькі там, кажа Бабанаў. Пасля, па яго словах, следчымі было прынята рашэнне арыштаваць яго на трое сутак. Бабанава адвезлі на Акрэсціна. Там, кажа хлопец, абразы працягнуліся.

«Гэта твой дом на бліжэйшыя некалькі гадоў», «Пасадзіце яго ў «петушыную камеру» — вось прыкладна такія фразы адносна сябе я чуў. Праз суткі знаходжання там да мяне прыйшоў адзін з супрацоўнікаў ГУБАЗіК і зноў пачаў распытваць пра анархічны рух, маіх сяброў і знаёмых. Таксама ён пытаўся, навошта я пішу Змітру Паліенку. Ён працягваў ціснуць на мяне, але я адмаўляўся адказваць на яго пытанні», — сцвярджае хлопец.

Цяпер Бабанаў на волі пад падпіскай аб нявыездзе. Сам ён звязвае сваё затрыманне з дзейнасцю ў анархічным руху.

У прэс-службе мінскай міліцыі адмовіліся каментаваць сітуацыю.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру