Брэсцкі блогер Сяргей Пятрухін, які актыўна асвятляе на сваім канале ў YouTube дзейнасць праціўнікаў будаўніцтва пад Брэстам акумулятарнага завода, аплаціў штрафы за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі і парушэнне парадку арганізацыі масавага мерапрыемства.
Усяго ў банк блогер аднёс 2327 рублёў. Па словах Сяргея Пятрухіна, грошы на штрафы яму дапамаглі сабраць падпісчыкі з усёй Беларусі.
«Людзі самі адгукнуліся, пералічвалі грошы. Так і сабраў», — распавёў TUT.BY Сяргей Пятрухін і падзякаваў усім за дапамогу і салідарнасць.
Пасля пачатку пратэстаў у сувязі з будаўніцтвам пад Брэстам акумулятарнага завода Сяргея Пятрухіна штрафавалі тройчы.
12 сакавіка суд Пінскага раёна і горада Пінска прызнаў яго вінаватым у незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ (ч. 2 арт. 22.9 КаАП) і аштрафаваў на 40 базавых велічыняў (980 рублёў). Рашэнне Сяргей Пятрухін паспяхова абскардзіў у абласным судзе, і гэты штраф яму адмянілі.
Напярэдадні Дня Волі Сяргея Пятрухіна затрымалі супрацоўнікі міліцыі. 29 сакавіка суд прызнаў яго вінаватым у непадпарадкаванні супрацоўніку органаў унутраных спраў і прызначыў 45 базавых велічынь (1102,5 рубля) штрафу.
У канцы лютага блогера аштрафавалі на 50 базавых (1 225 рублёў) за парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў.





