З’яўленне танных авіякампаній змяніла адпачынак людзей па ўсім свеце да непазнавальнасці. Навошта пераплачваць турыстычнай фірме, калі можна арганізаваць адпачынак пад свае патрэбы і бюджэт? Навошта трэсціся ў начных аўтобусных турах у заходнюю Еўропу, калі злятаць з Коўна ў Капенгаген цяпер можна за 18 еўра ў два бакі, а з Варшавы на пляж у Італіі за 23 еўра ў два бакі — цэны, даступныя нават для небагатай сям’і.

Асноўнае, што спыняе людзей, — страх перад чымсьці новым. І гэта нармальна. Але насамрэч баяцца няма чаго. З чаго пачаць тым, хто робіць першыя крокі ў арганізацыі сваіх вандровак? «Наша Ніва» разам з сэрвісам Aviasales.ru падрыхтавала набор парадаў, якія дапамогуць зрабіць падарожжа яшчэ больш танным.

Танныя авіялініі па Еўропе для беларусаў — гэта перадусім венгерская лаўкост-авіякампанія Wizzair і ірландская Ryanair. Яны не лятаюць у Беларусь, але маюць рэйсы ў Вільню, Коўна, Варшаву, Люблін, Кіеў і іншыя гарады непадалёку.

1. Пазнаёмцеся з картай нізкіх цэн

Для пачатку проста даведайцеся, які ўзровень цэнаў на пералёты ў тым ці іншым накірунку. У гэтым дапаможа Карта нізкіх цэн.

Спрактыкаваны вандроўнік ведае, што квіткі ў Скандынавію амаль заўжды танныя, а ў Арменію нядорага не дабярэшся ніяк. Але такія веды прыходзяць з вопытам. Таму спачатку пагуляйце з картай.

Напрыклад, куды можна нядорага злятаць з Вільні ў чэрвені? Абіраеце месца прызначэння «куды заўгодна» і час падарожжа «чэрвень». Сістэма падказвае, што пералёты ў Швецыю пачынаюцца ад 10 еўра, Нарвегію — ад 17 еўра, Італію — ад 23 еўра

Калі ўзровень цэнаў падабаецца, можна пераходзіць далей і падбіраць больш канкрэтныя даты.

2. Падбярыце зручную дату

Асаблівасць лаўкостаў у тым, што цэны на пералёты у суседнія дні могуць адрознівацца ў разы. Калі для вас прынцыпова паляцець 1 чэрвеня, то давядзецца пагаджацца на любую цану. Але звычайна людзі плануюць адпачынак проста на «пачатак чэрвеня» і маюць якую-ніякую гнуткасць.

Знайсці самы ўдалы дзень для вандроўкі дапаможа Каляндар нізкіх цэн

Якія самыя танныя пералёты з Вільню ў чэрвені? За 10 еўра можна паляцець 25 чэрвеня ў Стакгольм, за 20 еўра — 19 чэрвеня ў Гданьск і 27 чэрвеня — у Лондан.

Некаторыя сэрвісы шукаюць квіткі толькі ў лаўкост-кампаніях, Каляндар нізкіх цэн ад Aviasales.ru улічвае таксама і «класічныя» авіякампаніі, напрыклад, тую ж Белавія.

Адзначым, што такія сэрвісы падбору квіткоў не прадаюць квіткі самі. Пасля падбору дат яны прапануюць перайсці на сайт-агрэгатар ці непасрэдна да авіяперавозчыка і набыць квіткі там.

3. Параўнайце кошт гатэля ў розных сістэмах браніравання

Узяўшы авіяквіткі і адрэзаўшы шляхі адступлення, самы час паклапаціцца пра жыллё. Аплачваць гатэлі можна праз любую з дзясяткаў сістэм браніравання. Усе яны працуюць па аднолькавай сістэме — прыводзяць у гатэль турыстаў, але забіраюць сабе пэўную частку грошай, часам аж да траціны агульнай сумы.

Самы папулярны сэрвіс браніравання гатэляў у свеце — Booking.com. Апошні год ён праводзіць агрэсіўную экспансію, імкнучыся раздушыць канкурэнтаў вагой. Натуральна, ім даводзіцца трымаць бой і змагацца за кліента. У такой сітуацыі ў кожнага турыста ёсць магчымасць скарыстацца сітуацыяй з выгадай для сябе.

Галоўная парада — параўнайце кошт гатэля ў розных сістэмах браніравання. За адзін і той жа пакой цана можа адрознівацца ў некалькі разоў. Для такіх мэтаў ёсць шмат сэрвісаў, якія працуюць па аднолькавым прынцыпе. Напрыклад, у Aviasales.ru ёсць раздзел «Гатэлі».

Проста забіваеце патрэбны горад, даты і колькасць чалавек. Далей можна скарыстацца і пашыраным пошукам. 

У розных выпадках самая танная сістэма браніравання можа адрознівацца — часам найлепшую цану прапануе «Астравок», часам Agoda, а часам і «Букінг».

Пазначце сабе той варыянт, што найбольш спадабаўся, але не спяшайцеся браніраваць. Можна паспрабаваць яшчэ трохі скінуць цану. Як?

4. Звярніце ўвагу на водгукі

Перадусім абавязкова пачытайце меркаванні тых, хто ўжо жыў у гатэлі, да якога вы прыглядацеся. Гэтыя парады дапамогуць вам не трапіць у смярдзючае месца з клапамі.

І гэта не жарт — калі вы, прыкладам, будзеце шукаць нумар на дваіх у Нью-Ёрку, самым танным варыянтам апынецца нейкі пачварны World Hotel у кітайскім квартале. Пражыванне там каштуе немалыя $58 за ноч, але…

«Нумар рэальна 2х2 метры. Мы пражылі ў гэтым гатэлі 5 начэй. За гэты час мы ўбачылі аднаго клапа, які ўкусіў мужа … Я спаць клалася, як да вайны рыхтавалася, мазала сябе крэмам, таму што клапы нібыта не любяць пахаў рэзкіх))) Ну ў цэлым, калі рэальна толькі паспаць, можна было цярпець са скрыпам, але туды больш не нагой)», — гаворыцца ў першым жа водгуку. 

Натуральна, такіх гатэляў лепш пазбягаць. Дарэчы, самая вялікая база водгукаў менавіта у «Букінга».

5. Выкарыстоўвайце купоны

Многія сістэмы браніравання дазваляюць пры аплаце прымяняць спецыяльныя зніжкі. Такія купоны бываюць альбо агульнадаступнымі, альбо персанальнымі, якія час ад часу прыходзіць вам на асабістую пошту ў якасці рэкламы.

«Атрымайце зніжку $20 пры браніраванні ад $200», «атрымайце зніжку 12% пры аплаце праз мабільны дадатак», «атрымайце трэцюю ноч бясплатна пры браніраванні дзвюх начэй» — безліч падобных варыянтаў гуляюць па інтэрнэце, хоць умовы прымянення купонаў могуць быць рознымі. З цягам часу вы навучыцеся віртуозна манеўраваць паміж гэтымі прапановамі і абіраць сапраўды вартыя.

Таму перад браніраваннем проста загугліце нешта накшталт «купон Agoda» ці «прома Астравок» з назвай патрэбнай сістэмы браніравання.

Ёсць і сэрвісы з пастаяннымі зніжкамі. Напрыклад, у Cheaptickets.com на стартавай старонцы заўсёды адлюстроўваецца промакод, які дае зніжку 15—18% пражывання.

А сэрвіс Hotels.com залічвае на ваш унутраны рахунак 10% ад кошту пражывання. Калі вы спыніліся ў гатэлі за $50, то $5 з іх «адкладаецца» на пасля. Як набераце 10 начэй у розных гатэлях, зможаце атрымаць бясплатнае пражыванне на адкладзеную суму.

Апошнім часам з дадатковымі зніжкамі стаў гуляцца і «Букінг».

«Запрасіце сябра на Booking.com. Ён атрымае 10%, а вы — $15!» — падобныя прапановы высвечваюцца ў многіх акаўнтах. Папрасіце, каб нехта з вашай сям’і даслаў вам такую спасылку. Калі вы, напрыклад, забраніруеце па ёй гатэль за 30 даляраў, спачатку давядзецца сплаціць поўную суму. А прыкладна праз месяц «Букінг» пералічыць на картку аднаму $3 (10% ад кошту пражывання), а другому — $15. У выніку рэальны кошт гатэля складзе $12.

6. Праверце «гарантаваную цану»

Многія сістэмы браніравання прапануюць вам пагуляць у такую забаўку: маўляў, мы прадаем нумар у гатэлі за $100. Але калі раптам вы адшукаеце недзе ніжэйшую цану, паведаміце нам — і мы апусцім сваю цану для вас.

Чым карысны падобны сэрвіс? Не забывайце, што згаданы вышэй Hotels.com заўсёды дае вам залічэнне грошай «на будучыню». Калі ў гэтай сістэме гатэль будзе каштаваць $50, а ў нейкай іншай — $45, вы прымусіце Hotels.com апусціць сваю цану да $45. А пасля яшчэ і атрымаеце па агульных умовах сэрвіса законныя $5 на свой унутраны рахунак. Такім чынам рэальна гатэль будзе каштаваць $40.

7. Пагуляйце са «сляпымі гатэлямі»

Дадатковую магчымасць калі не ашчадзіць, то хаця б задаволіць азарт, даюць сістэмы «сляпога» браніравання гатэляў.

Як працуе гэта схема? Тлумачым на прыкладзе сэрвіса Hotwire.com.

Калі вы ўводзіце ў пошук патрэбныя горад і дату, вам прапануецца варыянт: напрыклад, чатырохзоркавы гатэль у цэнтры Рыма за $ 60 без падаткаў (яны дададуцца на апошнім этапе браніравання). Назва гатэля і ўся падрабязная інфармацыя пра яго прыйдзе на вашу электронную пошту. Але толькі пасля аплаты! Фактычна вы купляеце ката ў меху, прычым без магчымасці адмены браніравання.

Часам «усляпую» можна атрымаць гатэль удвая таннейшы, чым было б пры куплі «ў адкрытую» — як пашанцуе.

8. Апошні этап падрыхтоўкі падарожжа — лагістыка падчас вандроўкі

Для першаснага знаёмства з сітуацыяй можна параіць сэрвіс Rome2rio.com. Напрыклад, уводзім у пошук: як дабрацца з Рыма ў Мілан. Сістэма падказвае, што аўтобус будзе ісці каля 5 гадзін і каштаваць ад 30 еўра. Дарога цягніком зойме каля 3 гадзін і абыдзецца ў 35 еўра, а ехаць на аўтамабілі трэба будзе пяць з паловай гадзін, аддаўшы на бензін і платныя дарогі каля 70 еўра.

Гэта вельмі прыблізныя ацэнкі, бо пры пэўным спрыце можна набыць квіток на аўтобус у гэтым кірунку за 5 еўра, а квіток на цягнік (хай і больш марудны) за 9 еўра. Аднак агульнае ўяўленне пра адлегласці і ўзровень цэнаў дае.

Пішыце ў каментарах пра тое, як эканоміце ў падарожжах!

Партнёрскі тэкст з Aviasales.ru

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?