Мінгарвыканкам не даў дазвол на правядзенне ў Мінску 9 мая акцыі «Несмяротны полк». Пра гэта «Нашай Ніве» паведаміў арганізатар мерапрыемства, экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў Валерый Драко.

Уладзімір Пуцін бярэ ўдзел у «Несмяротным палку». Фота gazeta.ru.

Уладзімір Пуцін бярэ ўдзел у «Несмяротным палку». Фота gazeta.ru.

«Мы шмат працавалі з гэтым пытаннем, сёлета чакалі каля 5 тысяч удзельнікаў. Яшчэ 4 красавіка мы накіравалі прэзідэнту ліст: ад грамадскіх арганізацый, партый, генерала Бокава (удзельнік Вялікай Айчыннай).

Адным з абзацаў мы напісалі: маўляў, вы любіце Маскву, называеце Пуціна братам. Вырашылі падыграць на гэтым моманце, але ні храна не атрымалася. Калі летась нам адказваў намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта, то сёлета адказаў начальнік упраўлення лістоў і скаргаў Шлык. Апусцілі нас ніжэй няма куды.

Мы прапаноўвалі прэзідэнту ўзначаліць калону «Несмяротнага палка» як галоўнакамандуючаму, прэзідэнту. Адказ прыйшоў, што ў краіне рыхтуецца восем акцый да 9 Мая, будзе рэспубліканская акцыя «Беларусь помніць», і акцыя «Несмяротны полк» проста растворыцца.

Мы адрэагавалі тым, што накіравалі запыт у Мінгарвыканкам на дазвол шэсця і мітынгу ад Філармоніі. Адказ павінен быў быць 4 мая, але не прыйшоў. Накіравалі пракурору Цэнтральнага раёна на рэагаванне. 5 мая атрымліваем адказ, што два мерапрыемствы не могуць праходзіць у адзін час. Дазволу не далі.

Калі народ прыйдзе — то пойдзем! Канечне, я прыйду да Філармоніі. Калі людзі прыйдуць, а мяне не будзе, то гэта мая дыскрэдытацыя. Я чакаю, што Мінгарвыканкам усё ж адумаецца і дасць дазвол.

Валерый Драко. Фота sputnik-news.ee.

Валерый Драко. Фота sputnik-news.ee.

Вы ведаеце цудоўна, чаму не дазволілі, не буду гаварыць. Я так мяркую, што гэта рашэнне прымаў асабіста галоўнакамандуючы. Калі толькі з’явілася інфармацыя аб закліках па правядзенні «Несмяротнага палка», то ў той жа вечар у яго быў старшыня КДБ Валер Вакульчык. І Лукашэнка гаварыў пра Дзень Перамогі з ім, ён ведаў пра гэта», — сказаў Валерый Драко.

* * *

Валерый Драко нарадзіўся ў 1946 годзе. Скончыў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут. Працаваў у кіраўніцтве справамі Савета міністраў. Дэпутат Вярхоўнага Савета (1995—1996), падчас канстытуцыйнага крызісу ў лістападзе 1996 года падтрымаў Лукашэнку, стаў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў першага склікання.

* * *

«Несмяротны полк» — гэта акцыя расійскай прапаганды, прымеркаваная да 9 Мая. У мерапрыемствах браў удзел асабіста Уладзімір Пуцін. «Сапраўды, «Несмяротны полк» пачаўся як частка рускага свету, частка Расіі», — сказаў дэпутат Дзяржаўнай Думы Расіі, сустаршыня руху «Несмяротны полк» Мікалай Зямцоў.

Беларускія ўлады ўсяляк спрабуюць мінімізаваць правядзенне акцыі «Несмяротны полк», зусім не акцэнтуючы на ёй увагі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?