У былога галоўнага трэнера «Манчэстэра Юнайтэд» Алекса Фергюсана, які перанёс аперацыю з-за кровазліцця ў мозг, назіраюцца першыя прыкметы паляпшэння.
Паводле інфармацыі Daily Mail, 76-гадовы шатландзец па-ранейшаму знаходзіцца ў аддзяленні інтэнсіўнай тэрапіі, але ў панядзелак ён выйшаў з комы, «сядзеў і размаўляў са сваімі сваякамі і сябрамі».
Як паведамляюць блізкія Фергюсана, аперацыя прайшла паспяхова, і рэакцыя арганізма на лячэнне ўсяляе асцярожны аптымізм. Разам з тым дактары прызнаюць, што пацыенту трэба будзе доўгае аднаўленне.
Фергюсан паскардзіўся на дрэннае самаадчуванне ў чацвер, а ў пятніцу быў шпіталізаваны і праапераваны.
Фергюсан трэніраваў «Манчэстар Юнайтэд» 27 гадоў (1986-2013) і выйграў з клубам 38 трафеяў, у тым ліку 13 чэмпіёнскіх тытулаў ў Англіі і дзве Лігі чэмпіёнаў.





