Гомельскі абласны суд агучыў вырак 63-гадоваму вяскоўцу, якога вінавацілі ў нанясенні цяжкіх цялесных пашкоджаннях і забойстве, паведамляе sb.by.
Здарылася ўсё ў вёсцы Аляксандраўка Рэчыцкага раёна ў снежні 2017 года. Абвінавачаны, выпіваючы з аднавяскоўцам, успомніў яму старую крыўду. Маўляў, калі ён ляжаў у лякарні, то прыяцель залез у дом і вынес прадукты. На фоне спіртнога вырашыў правучыць госця драўлянай палкай. Збітага выштурхаў за парог і лёг спаць.
Раніцай ён знайшоў аднавяскоўца ў двары. Прыкмет жыцця той не падаваў.
Далей абвінавачаны чамусьці разрэзаў труп суседа. Галаву выкінуў у раку, а цела выцягнуў за дом на пустку ў лясным масіве, дзе і пакінуў. Пасля патэлефанаваў сястры і прыяцелю, паведаміўшы, што «напэўна, забіў чалавека і хутка сядзе».
Падчас судовага працэсу фігурант настойваў на тым, што забіваць не планаваў. Хацеў толькі правучыць.
У выніку, мужчыну (які раней ужо меў судзімасці) асудзілі да пажыццёвага зняволення ў калоніі асаблівага рэжыму. Прысуд пакуль не ўступіў у сілу.