У гісторыі пастаноўкі «Радзіва «Прудок» асабіста мне падабаецца абсалютна ўсё. Ад моманту, калі Андруся Горвата колькі год таму пры прыёме на працу ў Купалаўскі тэатр дворнікам спыталі, ці валодае ён беларускай мовай, да авацый з удзелам дырэктара гэтага самога тэатра і чыноўнікаў Міністэрства культуры. Спектакль можна прыдумаць, можна стварыць, але «Радзіва «Прудок» менавіта нарадзілася, выспела ў Купалаўскім тэатры з непасрэдным удзелам саміх купалаўцаў. З'яўленне гэтага спектакля такі ж лагічны працяг гэтай узаемнай гісторыі ўсё роўна, як продаж кнігі ў купалаўскай касе ці як прэзентацыя мінулагодняга «Моvabox», калі журналістам паказалі горватаўскую каморку і далі пагледзець, як Андрусік Іванавіч падмятаў вуліцу навокал Купалаўскага, ці калі купалаўцы ездзілі ў Прудок і дапамагалі рамантаваць хату. І тое, што тэатр даў рады зрабіць частку свайго жыцця часткай свайго рэпертуару, як не што іншае сведчыць пра здаровыя творчыя працэсы ўнутры калектыву.

Як любыя сапраўдныя зносіны, тут не ўсё можа быць вядома, кожны сам можа выбіраць ступень свайго дачынення. І вось гледачы могуць пабачыць, як артысты-купалаўцы разыгрываюць сцэны з кнігі свайго добрага сябра. І сам аўтар сярод гледачоў. Вось ён сядзіць у цемры глядзельнай малой залы, навокал прыгожае зорнае неба, на сцэне Міхаіл Зуй у ролі аўтара. Быццам наглядна ажыццявілася адна з самых паэтычных філасафем кнігі пра «пабачыць сваю спіну, калі доўга глядзець у цемру».

Спектакль, мне здаецца, не павінен і не можа быць такім візуальным дадаткам да кнігі, як кніга — гэта больш за надрукаваны фэйсбук, як і фэйсбук — гэта больш за дзённікавыя запісы для кола сяброў. Радзіва — больш за радыё. Тут адчуваецца цікавасць і павага да аўтара на ўсіх творчых этапах. Спроба вылучыць самае важнае, каб распавёўшы тое са сцэны нешта істотнае дадалося да вось гэтай умоўнай горватаўшчыны. Таму не дзіва, што першы вялікі эпізод аказаўся менавіта пра горватаўскія шкарпэткі, што сушацца на батарэі Купалаўскага тэатра. Самаіронія надае творчасці Горвата імунітэт ад злоснай крытыкі. Іронія Горвата дазваляе яму ачысціць сапраўдныя каштоўнасці ад шалупення лжывага пафасу. Купалаўскі тэатр не лічыць заганным распавесці ўсяму свету пра шкарпэткі свайго дворніка, бо для іх гэтаксама важны космас, як і для самога аўтара. Акцёрскі склад (Анікей-Есяневіч-Зуй) бадзёра вядзе расповяд паводле горватаўскіх гісторый, стварыўшы цудоўную галерэю вобразаў, як гарадскіх, так і вясковых. Доўгі шэраг гэтых карцінак — гэта і доўгі шлях героя да самога сябе, і такі працэс палюбляння навакольнага свету. Увесь спектакль атрымліваецца праз іранічны тон, уменне на абсалютным сур'ёзе здавацца вельмі смешным, супастаўленне шаржавых вобразаў навокал з адасоблена рамантычным аўтарам у шлеме касманаўта. Вядома, кніжка Горвата складаецца не толькі з забаўных партрэтных замалёвак, ён не ідэалізуе вёску з яе п'янствам, і перад героем паўстаюць пытанні жыцця і смерці, для якіх артысты даюць рады знайсці сваю інтанацыю, знарок запаволеную, пададзеную праз умоўны рытуал.

Вельмі важным складнікам спектакля зрабілася мастацкае афармленне Кацярыны Шымановіч. Была патрэба застацца ў межах такой візуальнай умоўнасці, якую задаў пазнавальны касманаўт Нікі Сандрас з вокладкі кнігі, і разам з тым пашырыць прастору камернай сцэны да адчування палескіх нябёсаў над дзедаўскім домам. Афармленне атрымалася ў меру іранічным (што тычылася касцюмаў герояў), крэатыўным (як паказалі дзедаўскую хату знутры), эскізным (дзірка-калодзеж амаль у цэнтры сцэны, які паказваў трапныя дэталі кшталту кропляў даджду), але скразны прыём тычыўся якраз вобразу космасу, пра які, здаецца, у самім спектаклі гучала не так часта, але кожны раз вельмі трапна. Герой адпраўляўся ў родны Прудок нібы на сапраўднай шумнай ракеце, выходзіў на агарод быццам на лунную паверхню, стасаваўся з шараговымі мінакамі, які пралётваюць міма яго з хуткасцю гуку. У самыя пранікнёныя моманты запальвалі на сцэне быццам сапраўдныя зоры, і гэта зорная неба паўсюль, нават пад нагамі цалкам дае фізічнае адчуванне «космаса ўнутры» і раскрывае ці не галоўны матыў горватаўскай прозы. Усё павінна мерацца менавіта гэтай мерай найвялікшай прасторы сусвету, і не варта пераймацца тым, што здаецца на фоне гэтых зораў дробным і неістотным.

Мяне вельмі радуе, наколькі важным і істотным выглядае на фоне гэтых зораў беларуская культурная традыцыя.

Уся яна ад імя Купалы праз каленку Ганны Чарнушкі да шчырых пошукаў купалаўскіх артыстаў падаецца настолькі арганічнай і натуральнай, што яе адраджэнне з касмічнага пылу будзе такім жа лагічным, як шыбы з горватаўскай хаты.

Асноўная прыкмета жывой культуры ёсць яе здольнасць аднаўляць сябе ў новых формах, якія адпавядаюць патрэбам часу. Гэтак жа лагічна і з'яўленне маладога аўтара, які ўлюбёны ў свой край і натхняецца яго гісторыяй і культурай у сваім паўсядзённым жыцці. Новае пакаленне, якое шмат вінавацяць у абыякавасці да культурных каштоўнасцяў, насамрэч шукае свае ўласныя спосабы прамаўляць, ствараць гэтую самую культуру. Забаўна, што купалаўцы, можна сказаць, выхавалі свайго аўтара ў сваім уласным калектыве.

Той факт, што феномен Горвата адным спектаклем не вычарпаць, дае спадзеў, што сумеснае жыццё аўтара і тэатра будзе працягвацца. Ці будзе працяг спектакля, ці рэалізуецца гэты цікавы сюжэт у кіно, ці атрымаецца трэнд вяртання да сваіх каранёў зрабіць усеагульным — пытанне адкрытае. Як Той сказаў, космас сам павінен даць знак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?