Адныя хочуць, каб пра іх даведаліся, другія — стаць яшчэ больш прывабнымі.

Царква ў Лясной. На месцы бітвы рускай і шведскай армій у 1708 годзе.

Царква ў Лясной. На месцы бітвы рускай і шведскай армій у 1708 годзе.

Слаўгарадскі раён ніяк не аднясеш да самых вядомых і паспяховых у краіне. Фатограф, з якой мы едзем на самы поўдзень Магілёўшчыны, шчыра прызнаецца, што нават ніколі не чула пра існаванне такога райцэнтра. Слаўгарадскі раён займае дзясяты знізу радок па колькасці насельніцтва (менш за 15 тысяч). З буйных прадпрыемстваў — толькі малочны завод «Бабуліна крынка». А яшчэ ж Слаўгарадчына пацярпела ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

І вось тут узнікае пытанне: як прыцягнуць у такі глухі куток людзей? Што можа прывабіць у старажытным Слаўгарадзе турыстаў? Вядома, гэта Блакітная крыніца. Дзякуючы крэйдзе, вада тут мае адметны блакітна-смарагдавы колер. На Мядовы Спас сюды едуць тысячы паломнікаў, якія мяркуюць, што тутэйшая вада мае лекавыя ўласцівасці. Але адной крыніцай людзей у Слаўгарад не завабіш? Трэба нешта большае, каб людзі хацелі вяртацца сюды ды пакідаць грошы.

Вёска Лясная Слаўгарадскі раён.

Вёска Лясная Слаўгарадскі раён.

У 2015 годзе пачалася рэалізацыя праграмы «Ад вытокаў да развіцця», якую падтрымаў Еўрапейскі саюз. Гэтая праграма накіраваная на развіццё Слаўгарадскага раёна, яе культурнай матэрыяльнай і нематэрыяльнай спадчыны.

Музей у вёсцы Лясная.

Музей у вёсцы Лясная.

Каардынатар праекта Віталь Варабей сустракае нас у вёсачцы Лясная, той самай, дзе адбылася славутая бітва ў Паўночнай вайне паміж Расійскай Імперыяй і Швецыяй. Гэтае змаганне часам называюць «маці Палтаўскай бітвы». Яшчэ адна турыстычная фішачка рэгіёна. Акуратная праваслаўная каплічка, якой больш за сто гадоў, памятны знак аб бітве. Побач музей, дзе можна адчуць дух XVIII стагоддзя. Тут і пачынаем сваё знаёмства.

«Было шмат людзей і напрацовак, якія патрабавалі свайго далейшага развіцця. Напрыклад, сыравары, рамеснікі. У нас вялікі прыродна-культурны патэнцыял: і Блакітная крыніца, і Лясная, і лістоўніца ёсць векавая. Усё гэта склалася так, што трэба развіваць турызм. Быў напісаны праект, які падтрымаў Еўрапейскі саюз», — кажа Верабей.

Людміла Чабатар у інтэр'еры сваёй аграсядзібы.

Людміла Чабатар у інтэр'еры сваёй аграсядзібы.

На аграсядзібе «Міхалова» вас заўжды смачна пакормяць.

На аграсядзібе «Міхалова» вас заўжды смачна пакормяць.

Праз нейкі час ён прапануе нам праехаць у аграсядзібу «Міхалова», якая таксама атрымала падтрымку ў рамках праекта. Гаспадыня Людміла Чабатар яшчэ ў 1970-я пераехала ў Беларусь з Малдовы. Наша краіна стала для яе другім домам, яна ўжо і гаворыць укручваючы ў мову сакавітыя беларускія словы: «А як інакш, я ж тут жыву!»

Многія аграсядзібы Слаўгарадскага раёна жывуць за кошт падтрымкі ЕС.

Многія аграсядзібы Слаўгарадскага раёна жывуць за кошт падтрымкі ЕС.

Зрэшты, пра Малдову Людміла Георгіеўна таксама не забывае. Кожныя два гады ездзіць у Гродна на Фестываль нацыянальных культур, каб спяваць па-малдаўску. З гонарам паказвае сценку, увешаную шматлікімі дыпломамі і граматамі. Па адукацыі яна рэжысёр народных абрадаў і святаў. Але адчула сваё прызванне ў іншым — гатаваць для людзей.

Да нашага прыезду стол ужо накрыты: суп-капуста, печаная скумбрыя, бульба з грыбамі, салат са свежай гародніны, толькі што сабраны бярозавік. За вушы не адцягнеш! Спадарыня Чабатар усё чаруе ля пліты, пячэ бліны. Гэта яе асаблівы гонар. Вось для турыстаў, якія завітваюць на яе аграсядзібу, і ладзіць такія майстар-класы па традыцыйнай беларускай кухні. Кажа, што ніхто расчараваным не быў. Неяк прыязджалі немцы. Кажуць: «Застанёмся на тры дні, а калі спадабаецца, то яшчэ на пяць». Так і засталіся на ўсе восем.

«Гэта вельмі моцная падтрымка ў рамках праграмы. Я крэдыты не бяру, толькі што сама зараблю, — прызнаецца жанчына. — У нас турызм развіты лепей, чым у тым жа Краснапольскім раёне, што па суседстве. Калі да іх дэлегацыі прыязджаюць, то вязуць да нас на начлег».

Людміла Чабатар спявае па-малдаўску.

Людміла Чабатар спявае па-малдаўску.

Калісьці аграсядзіб у раёне было ўсяго дзве, цяпер ужо каля пятнаццаці. Людміла Георгіеўна не называе іншыя аграсядзібы сваімі супернікамі, наадварот, партнёрамі, якія робяць усё, каб зрабіць край больш цікавым і прывабным. За некалькі кіламетраў ад Міхалова — вёска Рудня. Яшчэ адна аграсядзіба, але людзі едуць сюды не на начлег, а каб пабачыць, як вырабляецца сыр па традыцыйных рэцэптах.

Тамара Цвярдоўская.

Тамара Цвярдоўская.

Тамара Цвярдоўская сустракае нас у нацыянальным строі. Кажа, што варыць сыр яе навучыла мама. Сёння Тамара Іванаўна трымае тры каровы. А чацвёртую, пластыкавую, паставіла проста на падворку, акурат перад уваходам у сыраварню. Спецыяльна зробленае памяшканне для майстар-класаў па гатаванні сыра. І гэтага памяшкання не было б без дапамогі Еўрасаюза.

Традыцыйная вытворчасць сыра адроджаная ў Слаўгарадскім раёне.

Традыцыйная вытворчасць сыра адроджаная ў Слаўгарадскім раёне.

На стале ўжо чакае нарэзаны сыр. Смакоцце рэдкаснае, у магазіне такога не набудзеш. Запіць прапануецца самаробным сокам: яблычным і вінаградным. А які рэцэпт? «Вось кароўку падаілі, працадзілі ў гарлачыкі, а потым гэтую сыраквашу ставілі ў печку, не на газ. Адтаплівалі яе, і атрыманы тваражок злівалі ў мяшочак, так рабіўся некалі клінковы сыр», — расказвае спадарыня Цвярдоўская.

Тут і варыцца сыр.

Тут і варыцца сыр.

Сёння ў яе можна пакаштаваць наступныя гатункі сыру: адтопленае малако, з часныком і кропам, салодкі з цукатамі, з разынкамі, з кмінам, а таксама востры з перчыкам. У раёне ўжо каля пятнаццаці чалавек займаецца сыраробствам. У Слаўгарадзе штогод праходзіць фестываль «Гаспадарчы сыр».

Аляксей і Галіна Ермаковы.

Аляксей і Галіна Ермаковы.

Наступны прыпынак — вёска Ржаўка. Тут у 2017 годзе запрацаваў музей «Пчалінае царства», якім загадваюць муж і жонка Аляксей і Галіна Ермаковы. Яна працуе выхавацелькай у дзіцячым садку, ён быў кіроўцам у калгасе. Аб’ядноўвае ж іх любоў да пчол і мёду, а таксама ўсяго, што з гэтым звязана.

Дзякуючы праграме «Ад вытокаў да развіцця» яны змаглі здзейсніць сваю даўнюю мару: адкрыць адмысловы музей. Сустракаюць нас ігрой на гармоніку, а выпіць прапануюць 40-градусную трутнёўку (адмысловы алкагольны напой на мёдзе). Пасля такога пачастунку цяжка трымацца на нагах.

Інтэр'ер музея «Пчалінае царства».

Інтэр'ер музея «Пчалінае царства».

У самім музеі будзе незанудна, як для дарослых, так і для маленькіх, якім прапануюць інтэрактыўныя гульні, фільмы, а таксама паспрабаваць акурыць вулей (дэкаратыўны) ды паглядзець на вулей і ягоную працу знутры. А яшчэ найбліжэйшым часам адкрыецца апідомік, дзе можа паспаць на дошках, пад якімі працуюць пчолы.

Глядзець за працай пчол можна вельмі доўга.

Глядзець за працай пчол можна вельмі доўга.

Аляксей Ермакоў — пчаляр у чацвёртым пакаленні, пра пчол ён ведае ўсё. Сумна ў «Пчаліным царстве» не будзе нікому. А калі дадаць да ўсяго салодкі пачастунак, то паездку можна лічыць увогуле ўдалай.

Не ва ўсіх вуллях жывуць пчолы. Так робяць усе пчаляры.

Не ва ўсіх вуллях жывуць пчолы. Так робяць усе пчаляры.

Апідомік звонку…

Апідомік звонку…

…і знутры.

…і знутры.

Слаўгарадскі раён, відавочна, правільнымі шляхамі ідзе да таго, каб стаць больш пазнавальным і папулярным у турыстаў. Сказаць, што падзівіцца тут няма на што, болей ніхто не зможа.

Алесь Варыкіш марыць зрабіць Гальшанскі рэгіён турыстычнай Мекай.

Алесь Варыкіш марыць зрабіць Гальшанскі рэгіён турыстычнай Мекай.

А калі глянуць на супрацьлеглы бок Беларусі, то Ашмянскі раён не абдзелены ўвагай падарожнікаў. Тут усё ж руіны славутага замка Сапегаў у Гальшанах, побач прыгожыя Баруны, радзіма Францішка Багушэвіча ў Жупранах, зусім недалёка — Крэва. Аб адсутнасці турыстаў наракаць не выпадае. Але ж зрабіць гэты рэгіён яшчэ больш прывабным ніколі не зашкодзіць.

Ідэю свайго парка Алесь падгледзеў у Польшчы.

Ідэю свайго парка Алесь падгледзеў у Польшчы.

40-гадовы мінчук Алесь Варыкіш каля дзесяці гадоў таму закахаўся ў Гальшаны і ваколіцы. Мужчына нібыта сышоў з партрэтаў шляхты XVIII стагоддзя. Ён доўга выношваў ідэю набыцця тут маёнтка, каб стварыць аграсядзібу, пакуль у 2009 годзе не падвярнулася такая магчымасць.

Шляхецкая ваколіца Родзевічы.

Шляхецкая ваколіца Родзевічы.

Такі парк можна пабачыць на сядзібе Варыкіша.

Такі парк можна пабачыць на сядзібе Варыкіша.

Усяго за шэсць кіламетраў ад Гальшан ён набыў шляхецкую ваколіцу ў Родзевічах. Раней хата належала роду Ракіцкіх, якія з’ехалі жыць у Вільню і даглядаць маёнтак проста не маглі. Цяпер 100-гадовы дом адкрыты для турыстаў. Тут можна не толькі смачна паесці і паглядзець на касцюмаваны паказ, але і паглядзець унікальны парк 3D-мадэляў замкаў, палацаў і іншых славутасцяў.

Мадэлі палацаў і замкаў Варыкіш друкуе на 3D-прынтэры.

Мадэлі палацаў і замкаў Варыкіш друкуе на 3D-прынтэры.

Ідэю парку ён падгледзеў у Польшчы. Спачатку думаў, што вельмі дарагое задавальненне, а аказалася, што ўсё зрабіць пад сілу. Першую падтрымку Варыкіш атрымаў у рамках праекта «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні», які рэалізоўваюць ПРААН сумесна з Еўрапейскім саюзам. «Гэта нашы тата і мама, без іх бы нічога не было. Быў вельмі класны старт», — кажа Алесь.

За стары млын Алесь Варыкіш змагаецца ад зімы.

За стары млын Алесь Варыкіш змагаецца ад зімы.

Цяпер ён ужо сам прайшоў курсы 3D-мадэлявання. «Уваткнуў, як гэта робіцца», — кажа Варыкіш. Побач з сядзібай ён збіраецца ўсталяваць сапраўдны парк з замкаў, асаблівы ўхіл зрабіць на готыку. Зіму мадэлі перажылі нармальна.

Нямецкая турма часоў Першай сусветнай вайны ў Гарэцкаўшчыне.

Нямецкая турма часоў Першай сусветнай вайны ў Гарэцкаўшчыне.

Маёнтак у Бянюнах выкупіў прадпрымальнік Юрась Кармановіч.

Маёнтак у Бянюнах выкупіў прадпрымальнік Юрась Кармановіч.

Побач з Родзевічамі Варыкіш плануе аднавіць стары млын, недалёка ёсць адзіная нямецкая турма часоў Першай сусветнай вайны, вялізны маёнтак у Бянюнах. Усе чулі пра Гальшаны, але мала хто ведае, што побач ёсць яшчэ такое культурнае багацце.

Дадзены артыкул быў падрыхтаваны ў рамках праекта «Усходняе суседства ЕС». Меркаванні, выказаныя ў артыкуле, належаць выключна аўтару. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?