У брэсцкі суд накіравана крымінальная справа ў дачыненні да трох жыхароў абласнога цэнтра. Двое з іх — супрацоўнікі пагранслужбы і мытні, паведамляе прэс-служба Генпракуратуры.

Паведамляецца, што ў пункце пропуску «Пясчатка» памежнік «пераканаў» супрацоўніка мытні не праводзіць надгляд аўтамабіля Volkswagen Transporter, якім кіраваў беспрацоўны жыхар Брэста.

«Як вынік, кіроўца ўнёс у мытную дэкларацыю загадзя недакладныя звесткі аб таварах, што перавозяцца, і правёз на тэрыторыю ЕАЭС замежныя абутак, адзенне і бытавую тэхніку. Сума нявыплачаных мытных плацяжоў склала 65,5 тысячы рублёў», — распавялі ў Генпракуратуры.

Па версіі следства, за гэта мытнік атрымаў ад памежніка хабар у 100 даляраў.

Дзеянні берасцейца кваліфікаваныя следствам як ухіленне ад выплаты мытных плацяжоў у буйным памеры. Яму пагражае пакаранне — ад штрафу і аж да 3 гадоў пазбаўлення волі.

Супрацоўнікаў пагранслужбы і мытні абвінавачваюць у спрыянні кіроўцу. Акрамя таго, першага — у падбухторванні да злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі і дачы хабару, а другога ў злоўжыванні паўнамоцтвамі і атрыманні хабару.

Памежнік знаходзіцца пад вартай, астатнія пад падпіскай аб нявыездзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0