Інсцэніроўка, зладжаная СБУ ў Кіеве, выклікала далёкую гістарычную аналёгію. У Менску ёсьць вуліца Івана Пуліхава, калісьці яе называлі «вуліцай пыжыкавых шапак», там жыла вышэйшая намэнклятура. Ня ўсё ведаюць, у гонар каго была названая вуліца. А быў Іван тэрарыстам (ну ў сэнсе змагаром за народнае шчасьце), які кінуў бомбу ў губэрнатара Курлова. Хоць бомба і не ўзарвалася, але Пуліхава павесілі. А потым назвалі вуліцу у яго імя.

Але ёсьць дэталь, якую мо мала хто ведае. Быў такі начальнік ахраннага аддзяленьня Піцера, палкоўнік, потым генэрал Герасімаў. Але курыраваў ён многія, у тым ліку і агульнаімпэрскія справы. Прынамсі, менавіта Герасімаў быў апэратарам знакамітага Азэфа — агента ахранкі, а таксама аднаго з кіраўнікоў баявой арганізацыі партыі эсэраў.

І хто быў Азэф і чым пахнулі многія яго справы — дагэтуль невядома. Напрыклад, эсэраўскія тэрарысты забілі гаспадара Масквы, вялікага князя Сяргея. А Азэф тады ўжо быў агентам ахранкі. Прашляпіў, згуляў сваю гульню, ахранка дала маўклівае дабро, каб грохнулі радню цара, каб не сьвяціць найкаштоўнейшага агента — а праўды ніхто ня ведае і не даведаецца. У гэтым спецслужбісцкім лябірынце адлюстраваньняў не разьбярэсься.

А Беларусь тут пры чым? Пасьля рэвалюцыі ў эміграцыі Герасімаў напісаў у Парыжы мэмуары «На лязе з тэрарыстамі». І там ён прыгадвае менскі кейз, замах Пуліхава на Курлова. Бомбу рамантыку, ідэалісту Пуліхаву, каб забіць царскага сатрапа, прывезла з Піцеру таксама тэрарыстка. Але па сумяшчальніцтве — агентка палкоўніка Герасімава. Бомба мела маленечкі дэфэкт. Пуліхаў гэтай бомбай і ня мог забіць Курлова. Бомба не магла выбухнуць. Усё было схоплена, усё было пад кантролем. Ну а павесілі хлопца — выбар рабіў ён. Але стаў героем.

Вось пахам такой паліцэйскай правакацыі вельмі моцна аддае ад бліскучай апэрацыі СБУ з Аркадзем Бабчанкам.

А Ваню Пуліхава шкада. Герасімава — не. Профі. Здымаю капялюш. Гросмайстар. Хаця і даволі бруднай справы. Ці ацэніць сьвет майстэрства яго калегаў з СБУ — для мяне пытаньне. Я дык гатовы. Як у анэкдоце пра абразаньне: ну, па-першае, гэта прыгожа. І праўда, у пэўным сэнсе так. Амаль як з Пуліхавым. Не ўпэўнены, праўда, што знойдзецца шмат такіх эстэтаў, як я, здольных ацаніць чыстую прыгажосьць камбінацыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?