На прававым партале pravo.by з'явілася супольная пастанова сілавых органаў: МУС, Дзяржкантролю, Службы бяспекі прэзідэнта, ААЦ, МНС, КДБ, Мытнага і Пагранічнага камітэтаў.
У ёй гаворыцца пра арганізацыю закупу «Рэспубліканскай сістэмы маніторынгу грамадскай бяспекі».
Вядома, што дакумент аб стварэнні такой сістэмы Лукашэнка падпісаў яшчэ летась.
Але як яна будзе выглядаць?
У апублікаваным дакуменце можна убачыць патрабаванні да сістэмы, а яны наступныя:
— наяўнасць сістэмы аўтаматычнага распазнавання твараў,
— наяўнасць сістэмы аўтаматычнага распазнавання беларускіх і замежных аўтамабільных знакаў,
— наяўнасць фотафіксацыі дарожнай абстаноўкі,
— наяўнасць сістэмы аўтаматычнага дэтэктавання падзей,
— магчымасць падключэння не менш як 500 тысяч камер,
— наяўнасць пошуку падзей і вызначэння трывожных падзей (пажараў, аварый і іншае),
— вызначэнне знаходжання аб'екта ў вызначанай зоне. У гэтым пункце цікавая фармулёўка «бадзянне» — магчымасць вызначыць асобу, якая доўгі час бязмэтава ходзіць у адным квадраце,
— магчымасць фіксацыі выезду на палосы сустрэчнага руху і руху ў забароненых зонах, павароту ці развароту ў парушэнне правіл дарожнага руху.
— магчымасць вызначэння пакінутых прадметаў і асоб, якія іх пакінулі,
— магчымасць аўтаматычнага вызначэння фактаў парушэння межаў ахоўных зон і аб'ектаў.
Іншымі словамі, выглядае, што ў Беларусі мае з'явіцца сістэма ўсеагульнага відэаназірання кшталту тых, якія існуюць у некаторых развітых краінах свету.
Для работы з гэтымі звесткамі прапануецца стварыць Рэспубліканскі цэнтр апрацоўкі звестак.
З дакумента няясна, ці будзе гэтая сістэма аплачана з бюджэтных сродкаў — устаноўшчыку сістэмы прапануецца стаць яе аператарам і браць з сілавых структур абаненцкую плату за карыстанне.





