Аэрапорт Шапэна ў Варшаве.
Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда падпісаў закон аб будаўніцтве аднаго з найбуйнейшых аэрапортаў у Еўропе.
Адзначаецца, што сярод чатырох падпісаных законаў у суботу ёсць і пра будаванне цэнтральнага камунікацыйнага порта.
Новы аэрапорт, які будзе знаходзіцца паміж Лоддзю і Варшавай, павінен стаць адным з найбуйнейшых транзітных аэрапортаў у Еўропе. На першым этапе будаўніцтва ён будзе абслугоўваць штогод каля 45 мільёнаў пасажыраў, а агулам — каля 100 мільёнаў у год. Для параўнання: праз Нацыянальны аэрапорт Мінск у мінулым годзе прайшло трохі больш за 4 млн пасажыраў.
Да 2019 года будуць працягвацца падрыхтоўчыя працы, а сам аэрапорт будзе будавацца восем гадоў — да 2027-га. Аэрадром будзе знаходзіцца за 40 кіламетраў ад Варшавы.





