Пятра Маркелава затрымалі 1 чэрвеня, калі ён прыйшоў да намесніка начальніка Маскоўскага РУУС Мінска Сяргея Астаф’ева. Напярэдадні Маркелаў выклаў у фэйсбуку фатаздымкі, дзе ён трымае плакат «Заблакуйце 86.57.250.202» ля будынка МУС. Гэта IP-адрас Міністэрства ўнутраных справаў.

Цяпер Маркелаў кажа, што здымак быў фоташопам. «Мы сфатаграфавалі будынак Міністэрства, а потым зрабілі маё фота на прыватнай тэрыторыі», — кажа актывіст.

У маі Міністэрства інфармацыі сумесна з МУС заблакавала доступ да сайта «Легалайз Беларусь». Маркелаў хацеў давесці сітуацыю да абсурду, каб яго асудзілі за акцыю, якой не было.

«Нашай міліцыі не патрэбныя доказы. Нават тое, што я правёў трое сутак у нялюдскіх умовах на Акрэсціна пра многае кажа. Фактычна за гэты час нас кармілі толькі чатыры разы. Два разы на сняданкі давалі гарбату і кашу, а абед і вячэру аб’ядноўвалі. Вядома ж, не было ні мыла, ні паперы», — расказвае Маркелаў.

Актывіст кажа, што было вельмі падобна на тое, што супраць яго рыхтавалі правакацыю. «У суботу ў камеры з’явіўся хлопец, які, як толькі за ім зачыніліся дзверы, стаў прапаноўваць мне гашыш. І ўвесь час яго курыў праз піпетку. Я, зразумела, адмаўляўся, але ён увесь час настойваў. Незразумела, як ён мог пранесці гэтую піпетку і гашыш, калі перад тым, як пасадзіць у камеру, раздзяваюць дагала і нават просяць прысесці, каб ты нічога ў дупе не пранёс».

У судзе справу Маркелава адправілі на дапрацоўку. «Яны не маглі нават прызнаць, што памыліліся», — кажа хлопец.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?