Аляксандр Лукашэнка, прадстаўляючы сёння Юрыя Церцеля у якасці начальніка Дзяржінспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету, запатрабаваў ад яго навесці жалезны парадак у гэтай структуры.

«Ваша задача — прыйсці ў інспекцыю, разабрацца з тым штатам, з якім вы будзеце працаваць, паглядзець на людзей і жалезнай рукой навесці парадак у інспекцыі, а затым і ліквідаваць вузкія месцы, якія, магчыма, паўсталі ў краіне па ахове жывёльнага і расліннага свету», — давёў задачу Церцелю кіраўнік дзяржавы.

Найперш, цікавай выглядае фігура самога Церцеля. Гэты чалавек — дасведчаны спецслужбіст, кіраваў адным з самых сакрэтных і баяздольных атрадаў краіны — пагранічным АСАМам.

Выглядае, што родным братам яму даводзіцца намеснік кіраўніка КДБ генерал-маёр Іван Церцель, якія адказвае за эканамічныя злачынствы, фактычна — змагаецца з карупцыяй. 

Гэтую ж ролю Лукашэнка адзводзіць і Юрыю Церцелю, накіроўваючы таго ў Дзяржаўную інспекцыю.

Але ці кажа гэта пра важнасць самой структуры? 

Мы спыталіся пра гэта ў аналітыка Андрэя Паротнікава. 

«Не думаю, што гэта павышэнне, — кажа Паротнікаў. — АСАМ — гэта АСАМ, зрэшты, палкоўнікі і сыходзяць у 50 гадоў. Таму я думаю, што гэта асабістае расчараванне Лукашэнкі ў тым кіраўніцтве Дзяржінспекцыі, якое было раней і не здолела належным чынам наладзіць працу. Трэба памятаць, што Лукашэнка сам быў ініцыятарам яе стварэння, гэта яго дзецішча, якое наўпрост падпарадкоўваецца яму, таму ён паставіў надзейнага чалавека. Падраздзяленне большае за АСАМ, вядома. Але гэта па сутнасці егеры з асаблівымі паўнамоцтвамі, іх важнасць у сілавой сістэме я ацэньваю блізкай да нуля. Раней была экалагічная інспецыя, цяпер вось такая, туды паставілі вайсковага пенсіянера, ну вось і ўсё». 

Крыніца ў Дзяржаўнай інспекцыі тлумачыць, што ў ведамстве пры ранейшым кіраўніцтве быў поўны развал, і Церцелю будзе чым заняцца. 

«Папярэдні кіраўнік спрыяў хабарніцтву, ужо шмат затрыманых. А ў Церцеля рэпутацыя строгага чалавека, і спецыфіка яго работы ў АСАМе супадае з нашай — лясы, палі, ахова мясцовасці і ўчасткаў», — сказаў работнік ведамства. 

Варта нагадаць, што сама гэтая Інспекцыя ўтварылася ў 2003 годзе загадам Лукашэнкі на базе Дэпартамента аховы рыбных рэсурсаў і паляўнічых відаў жывёл Міністэрства прыродных рэсурсаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?