9 чэрвеня грамадскія актывісты працягнулі пікетаванне рэстарана «Паедзем паядзім», якая знаходзіцца на 51 кіламетры кальцавой дарогі за 50 метраў ад Курапатаў, піша Радыё Свабода.

У 12.30 тры байкеры ў чорных шлемах, на дарагіх матацыклах, у тым ліку BMW, амаль не зніжаючы хуткасьці паспрабавалі прарвацца праз пікет за браму рэстарана.

У адказ на словы пікетоўцаў, што тут ахоўная зона, байкеры толькі націскалі на газ. Двум удалося праехаць праз натоўп, але трэцяга пікетоўцы ўсё ж спынілі.

Кіроўца Аляксандр не назваў свайго прозвішча і адразу выклікаў міліцыю. Пікетоўцаў ён прасіў не чапаць ягоны дарагі матацыкл», а пра сябе сказаў, што ён «не багаты чалавек, а нармальны». Пры гэтым адмовіўся зняць шлем.

Дыскусія працягвалася пакуль не з'явіўся нарад ДАІ, але высветлілася, што пратакол міліцыянты мусілі б складаць на байкера, які наехаў на нагу пікетоўцу Аляксею Туровічу.

«Ну, калі ўжо міліцыя нічога ня можа зрабіць, тады вы перамаглі, мы вяртаемся», — сказаў Аляксандр, і ўся кампанія пакінула тэрыторыю рэстарана. Перад ад’ездам Аляксандр зноў перавязаў стырно байка георгіеўскай стужкай, якую былі знялі пікетоўцы.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?