Аўтар аналізуе дзеянні кожнага з хаўруснікаў Расіі па АДКБ і прыходзіць да высновы, што Расія знаходзіцца ў стане геапалітычнага адзіноцтва і ёй варта перайсці да больш прагматычнай палітыкі ў дачыненні да «саюзнікаў».
Апісаў Храмчыхін і сваё бачанне сучаснай Беларусі. На яго думку, наша краіна — гэта Украіна-light з вывадам русафобіі на узровень дзяржаўнай палітыкі. Адзінае адрозненне нібыта ў тым, што Беларусь робіць усё акуратна і без надрыву.
Крытыкуе аўтар і афіцыйны Мінск за яго пазіцыю ва ўкраінскім пытанні. Вайсковы эксперт лічыць, што Беларусь выступае з праўкраінскіх пазіцыі і нібыта пастаўляе абсталяванне і тэхніку для Узброеных сіл Украіны.
«Адзінае, за што Бацька ўсур'ёз асуджаў кіеўскі рэжым — за адмову ваяваць за Крым», — піша Храмчыхін.
Вайсковы эксперт мяркуе, што адносіны паміж Захадам і Мінскам лепшаюць толькі праз пагаршэнне адносін Захаду і Масквы. І гэта, нібыта, сведчыць пра крывадушнасць Захаду:
«Ён не любіў Бацьку зусім не за тое, што гэта «апошні дыктатар Еўропы», а за тое, што той падаваўся саюзнікам Масквы».
Аўтар звяртае ўвагу, што ва ўнутранай палітыцы Беларусі, сапраўды далёкай ад норм класічнай дэмакратыі, не змянілася абсалютна нічога.