СБУ затрымала яшчэ аднаго падазраванага ў падрыхтоўцы забойства журналіста Аркадзя Бабчанкі.
Спецслужба затрымала грамадзяніна Украіны «Т» 13 чэрвеня. Паводле інфармацыі СБУ, затрыманы выконваў ролю кіраўніка групы з трох украінцаў, якія пад кантролем расійскай спецслужбы трэніраваліся ў Растове-на-Доне для правядзення серыі тэрактаў ва Украіне.
Пра гэта паведаміў намеснік начальніка галоўнага следчага ўпраўлення ведамства Багдан Тывадар на брыфінгу ў Кіеве 15 чэрвеня, перадае 112 Украіна.
Дома ў «грамадзяніна Т.» падчас правядзення ператрусу канфіскавалі агнястрэльную зброю і боепрыпасы.
Зараз яго падазраюць у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 1 арт. 263 (Незаконнае абыходжанне са зброяй і выбуховымі рэчывамі), а таксама ў арганізацыі падрыхтоўкі тэракту.
Раней па справе аб падрыхтоўцы замаху на Бабчанку быў затрыманы Барыс Герман.
Таксама на брыфінгу Тывадар прадставіў размову Германа і яго куратара ў Расіі Вячаслава Піваварніка па справе Бабчанкі, а таксама Германа і неназванага сведкі. Яны абмяркоўвалі падрыхтоўку забойства Бабчанкі і шляхі дастаўкі зброі і боепрыпасаў.