КДБ узяўся за шэрыя схемы ў пастаўках медыцынскіх тавараў: затрыманы некалькі чалавек са сферы медыцыны.
«У нас затрыманыя два чалавекі», — сказаў «Нашай Ніве» намеснік дырэктара Цэнтра медыцынскіх экспертыз і выпрабаванняў Сяргей Зінчанка.
Гаворка ідзе пра кіраўніка цэнтра — Аляксандра Сталярова, а таксама пра яго намесніка.
Аляксандр Сталяроў
Магчыма, што ў адным шэрагу з гэтымі затрыманнямі ідзе і затрыманне афіцэра Генштаба, начальніка ваенна-медыцынскага ўпраўлення Міністэрства абароны палкоўніка Аляксея Яськова.
Аляксей Еськоў, фота: mil.by
«У краіне створана сістэма, якая дазваляе выкрываць любое злачынства», — вось так пракаментаваў гэты факт прэс-сакратар ведамства Уладзімір Макараў.
Вядома, што да Цэнтра медыцынскіх экспертыз у праваахоўных органаў набралася шмат пытанняў: ДФР правяраў яго дзейнасць адносна даўно, з мінулага года.
У Беларусі існавалі схемы штучнага завышэння цэн на розныя медыцынскія тавары, рабілася гэта праз стварэнне фірмаў-пракладак і лабіравання іх інтарэсаў.
«Наша Ніва» падрабязна апісвала гэтую схему ў адным са сваіх расследаванняў.
Чытайце таксама: Расследаванне: як беларусы пераплачваюць тысячы даляраў за бясплатныя аперацыі ў дзяржаўных клініках
У выніку склалася парадаксальная сітуацыя: пры нібыта дзяржаўным кантролі цэн на лекі і мінімальных надбаўках абсалютная большасць лекаў каштавала ў разы даражэй такіх самых у Польшчы, Украіне ці Літве.
Таксама вядома, што затрыманых асобаў болей, але КДБ пакуль не каментуе сітуацыю і не агучвае ўвесь спіс падазраваных.