Фэльетон Лёліка Ушкіна.

Заснавальнікі БРСМ — мае аднагодкі (ім прыкладна гадоў па 30—35). І калі сёньня я бачу на праспэкце расьцяжкі «40‑ы зьезд БРСМ. 90 гадоў камсамолу», мяне трохі вырубае.

Варыянт першы — заснавальнікі БРСМ ад 1998 году адзінае, што рабілі, — праводзілі зьезды. За дзесяць гадоў існаваньня лукамолу яны ўмудрыліся 39 разоў сабраць свой актыў. Лічба, вартая кнігі рэкордаў Гінэса.

У гэта слаба верыцца, паколькі сябры БРСМ, як мы ведаем, не канторскія пацукі. Яны ўвесь час ідуць у масы, не пускаюць людзей у інтэрнаты пасьля 23‑й, капаюць каналы і рамантуюць опэрныя тэатры. У любым выпадку нават тэхнічна правесьці зьезд больш, чым раз на год, складана.

Застаецца варыянт — БРСМ сапраўды была заснаваная як мінімум сорак гадоў таму людзьмі, якім цяпер гадоў 30—35.

Блін, як хочацца пабачыць той гістарычны першы зьезд. Разынка сытуацыі ў тым, што на той момант, за пяць гадоў да свайго нараджэньня, актывісты БРСМ яшчэ не маглі быць прадстаўленыя нават у форме клетачных структур чалавечага арганізму.

Праблему дазваляе растлумачыць канцэпцыя прыхільнікаў Буды, якія лічаць, што душу чалавек набывае пры нараджэньні ад іншай жывой істоты. Як правіла гаворка ідзе пра расьліны або жывёл.

Такім чынам, ідэя БРСМ нараджалася ў пошуме канапляных палёў, чулася ў рыканьні статкаў на малочна‑таварных фэрмах, у рохканьні магутных сьвінакомплексаў позьняга бэсэсэру.

Але апусьцім будысцкі этап. Ад шостага зборы БРСМ уявіць куды лягчэй. Прынамсі на гэты час лукамольцы былі аформленыя ў выглядзе спэрматазоідаў. Хаця само па сабе відовішча спэрматазоідаў, якія выганяюць на суботнік студэнтаў, уражвае.

Зьезды БРСМ прыкладна да канца 1970‑х хутчэй за ўсё мелі фармат пасядзелак у пясочніцы. Дарослыя, якія праходзілі міма, маглі пачуць дзіўныя рэплікі.

— Таварышы, я хачу паставіць на зьезьдзе пытаньне — чаму старшыня гаркаму кідаўся пяском і назваў мяне «кака»?

Бацькам, яўна, было няпроста з будаўнікамі квітнеючай Беларусі.

— Хочаш цукерку?

— Хачу пікет амбасады ЗША!

А якія жарсьці кіпелі на тынэйджарскіх зьездах! Хто лепшы — «мэтал» ці «вална»? Рэмба ці Брус Лі? Лукашэнка ці Кебіч?..

І толькі ў 1990‑я зьезды пачалі нагадваць звычайныя. Салідныя людзі ў гальштуках зьбіраюцца, пілуюць бюджэт, клянуцца ў вернасьці, крычаць «Заўжды наперад» і г.д.

Хаця ў душы, думаецца, яны дасюль жывуць гераічнай рамантыкай першых зьездаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?