Фото: @lopezobrador

Фото: @lopezobrador

На выбарах прэзідэнта Мексікі, якія праходзяць у нядзелю, 1 ліпеня, фаварытам выступае левы кандыдат па мянушцы Амла.

Яго прыхільнікі вераць, што ён пераможа карупцыю і беднасць, праціўнікі жа абвінавачваюць яго ў папулізме, параўноўваюць з Трампам і нябожчыкам Уга Чавесам і асцерагаюцца, што Амла можа знішчыць маладую мексіканскую дэмакратыю, піша Бі-бі-сі.

Амла — гэта ініцыялы 64-гадовага былога мэра Мехіка Андрэса Мануэля Лопеса Абрадора, менавіта гэтай абрэвіятурай яго часцей за ўсё называюць мексіканцы.

Кандыдат ад кааліцыі, у якую ўваходзіць яго ўласная левая партыя «Марэна», былы мэр Мехіка Лопес Абрадор абяцае ў выпадку перамогі на выбарах разбурыць тое, што ён называе «мафіёзнай дзяржавай», перамагчы карупцыю, а для пачатку — рэзка скараціць зарплаты вышэйшым дзяржаўным чыноўнікам.

Апытанні паказваюць, што рэйтынг Амла вагаецца ў раёне 50%, і ён лёгка пабівае трох астатніх кандыдатаў у прэзідэнты — тым больш што выбары прэзідэнта ў Мексіцы праходзяць у адзін тур.

Крытыкі Лопеса Абрадора сур'ёзна занепакоеныя яго левым папулізмам і асцерагаюцца, што ён можа завесці Мексіку туды ж, куды завёў Венесуэлу нябожчык Уга Чавес. Іншыя параўноўваюць яго з Дональдам Трампам — у прыватнасці, за нелюбоў да прэсы, якая крытыкуе яго, хоць Амла абяцае «прывесці ў прытомнасць» амерыканскага прэзідэнта, які абяцаў адгарадзіцца сцяной ад мексіканскіх імігрантаў.

Амла заяўляў, што не верыць у мексіканскую дэмакратыю. У 2006 годзе, пасля таго як ён прайграў прэзідэнцкія выбары з адрывам менш за 1%, прыхільнікі Лопеса Абрадора на некалькі тыдняў заблакавалі цэнтральную магістраль у Мехіка і фактычна паралізавалі рух у горадзе.

У 2012 Лопес Обрадор таксама балатаваўся ў прэзідэнты — але зноў прайграў.

Амла неяк назваў Вярхоўны суд інструментам алігархіі. Інтэлектуалаў і прэсу ён кляйміць «буржуямі» і прадажнай абслугай мафіі ва ўладзе.

Мексіканскай дэмакратыі усяго каля 20 гадоў: першыя альтэрнатыўныя выбары прэзідэнта ў выніку лібералізацыі палітычнага рэжыму прайшлі ў 2000 годзе. З тых часоў ўлада ў Мексіцы змяняецца рэгулярна.

Аднак дэмакратычныя інстытуты і падзел уладаў пакуль не надта дапамагаюць Мексіцы даць рады з карупцыяй, беднасцю і жахлівым узроўнем злачыннасці.

У рэйтынгу ўспрымання карупцыі Transparency International Мексіка дзеліць 135-е месца ў свеце з Расіяй, Папуа — Новай Гвінеяй, Кыргызстанам і Лаосам.

Самая ж вострая праблема Мексікі на дадзены момант — гэта велізарная колькасць забойстваў.

За апошнія 11 гадоў у краіне былі забітыя больш за 200 тысяч чалавек. Летась — 30 тысяч. У апошнія паўгода, падчас перадвыбарчай кампаніі, у Мексіцы былі забітыя 130 палітыкаў, у тым ліку 48 кандыдатаў на розныя пасады.

1 ліпеня — выбары не толькі прэзідэнта, але і парламента, а таксама іншых выбарных органаў розных узроўняў. Сотні людзей знялі свае кандыдатуры проста ад страху за сваё жыццё.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0