У суботу ў Маскве прайшло святкаванне Купалля, арганізаванае афіцыйнымі арганізацыямі беларускай дыяспары і ўладамі горада. У парку Трапар’ёва на ўскрайку горада быў зладжаны канцэрт.

Праўда, сярод выкананых песень амаль не было беларускіх, затое былі расійскія народныя, хіты савецкай эстрады і нават паўблатныя патрыятычныя песні пра Расію. Канцэрт вёў спявак і кампазітар Сяргей Костачка, перыядычна жартуючы ў стылі «англасаксы сапсавалі нам надвор’е і прыслалі дождж» і заяўляючы, што беларусы і расіяне — адзін народ.

Акрамя канцэрту, быў адзін самотны стэнд з беларускімі сувенірамі. Не было ані фастфуда, ані якіх-небудзь іншых забаў. Гледачоў таксама было вобмаль, два-тры дзясяткі чалавек. Выявілася ці то слабае інфармаванне, ці то чвэрцьфінал чэмпіянату свету па футболе, які ішоў у гэты самы час.

У 90-я гады ў Маскве існавала традыцыя сумеснага святкавання Купалля беларускай дыяспары разам з дыяспарамі краін Балтыі. У нулявыя гады арганізоўваліся добрыя Купаллі прэфектурай Паўночна-ўсходняй акругі Масквы. Сёлета, на жаль, свята было відавочна арганізавана горш, чым у мінулыя разы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?