Кніга «Арганы Беларусі», якая расказвае пра шматвекавую арганную культуру, выйшла ў выдавецтве «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі», паведамляе БЕЛТА дырэктар выдавецтва Уладзімір Андрыевіч.

Ідэя аб падрыхтоўцы і выпуску такой кнігі нарадзілася ў самым выдавецтве і знайшла падтрымку беларускіх спецыялістаў-музыказнаўцаў, бо арганная культура Беларусі - гэта больш за 600 гадоў незвычайна багатай і прыгожай гісторыі. «У храмах розных хрысціянскіх канфесій, а таксама ў канцэртных залах знаходзіцца 123 аргана, якія ўяўляюць сабой гісторыка-культурную каштоўнасць. Кніга не толькі распавядае пра гісторыю стварэння і тэхнічныя характарыстыкі арганаў, але і звяртае ўвагу на праблемы захавання арганаў як нацыянальнага здабытку і іх рэканструкцыі, таму што некаторыя арганы XVIII-XIX стагоддзяў не функцыянуюць», — сказаў Уладзімір Андрыевіч.

У кнізе аўтары падкрэсліваюць, што з часу атрымання Беларуссю незалежнасці як у арганным будаўніцтве, так і ў сферах арганнага выканальніцтва і кампазітарскай творчасці выявіліся досыць сур'ёзныя тэндэнцыі, якія азначаюць пачатак новага этапу арганнай культуры краіны. За апошні час было пабудавана некалькі арганаў у касцёлах і канцэртных залах: Мінскім касцёле імя Найсвяцейшай Дзевы Марыі, у зале Віцебскай абласной філармоніі, у Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. У гэтых залах выступаюць вядомыя музыкі. Уздым арганнай культуры ў пачатку XXI cтагоддзя даў жыццё і новым творам для аргана беларускіх кампазітараў.

У краіне праводзяцца міжнародныя арганныя форумы. У сталіцы штогод даюцца канцэрты фестывалю «Шэдэўры арганнай музыкі» ў Вялікай зале філармоніі, праходзяць фестывалі духоўнай музыкі ў касцёле імя Найсвяцейшай Дзевы Марыі і ў касцёле Святой Тройцы. Найлепшыя арганісты свету ўдзельнічаюць у фестывалі «Званы Сафіі» ў Полацку. Арганізуюцца канцэрты фестывалю «Гучаць старадаўнія Арганы Пастаўшчыны».

Укладальнік выдання Аляксандр Бурдзялёў і фатограф выдавецтва Анатоль Дрыбас пабывалі ў навуковай экспедыцыі па вывучэнні і фотафіксацыі ўсіх беларускіх арганаў.

Аляксандр Бурдзялёў, працуючы выкладчыкам факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ, вось ужо дзесяць гадоў займаецца праблематыкай беларускай арганалогіі, вучыцца граць на органе пачаў у арганным класе Маскоўскага дзяржуніверсітэта, затым браў прыватныя ўрокі, у 2015 годзе атрымаў кваліфікацыю «выканаўца старажытнай музыкі (арган)» ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.

Да кнігі прыкладаецца дыск арганнай музыкі беларускіх выканаўцаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?