У 46 гадоў памёр фронтмэн «Нейра дзюбеля» Аляксандр Кулінковіч. Прычынай смерці стала лёгачная недастатковасць.

Кулінковіч са сваімі панкаўскімі песнямі быў адной з найярчэйшых зорак рока 90-х, пакалення незалежнасці. 

А лёс гэтага чалавека быў не просты.

Ледзь не памёр на аперацыйным стале

У 1994 г. Аляксандру рабілі сур’ёзную аперацыю — у яго знайшлі пухліну ў мазжачку. Усё пачалося з невыносных галаўных боляў, а пасля высветлілася, што трэба тэрмінова класціся пад нож.

Мінскія хірургі на чале з прафесарам Арнольдам Смеяновічам правялі гэтую складаную аперацыю.

«З таго часу ў канцы лістапада я адзначаю другі дзень нараджэння», — расказваў Кулінковіч.

Інсульт на сцэне

Праз 20 гадоў пасля той аперацыі Кулінковіча напаткала новая бяда са здароўем.

У красавіку 2015 года наведнікі канцэрта «Нейра Дзюбеля» абураліся паводзінамі вакаліста — Кулінковіч блытаў і забываў словы, ледзь хадзіў па сцэне. Усе вырашылі, што музыка быў п’яны, але як высветлілася пазней, у Аляксандра здарыўся мікраінсульт. Па словах Аляксандра, перад прэзентацыяй альбома ён не спаў некалькі дзён і вельмі перажываў з-за новай кружэлкі гурту, да таго ж трохі выпіў перад выступам.

Называў ДНР бандытамі

Кулінковіч працаваў у дзяржаўнай газеце «Советская Белоруссія», аднак не саромеўся выказвацца на вострыя тэмы. Напрыклад, у адным з інтэрв’ю ён рэзка прайшоўся па сепаратыстах Данбаса:

«Лідары ДНР і ЛНР — мне здаецца, што гэта проста бандыты, якія дзеляць кавалак зямлі. Як у 90-я гады бандыцкія групоўкі дзялілі сферы ўплыву, так, мне здаецца, і цяпер гэтыя людзі дзеляць сферы ўплыву. Толькі сёння яны абраслі гербамі і гімнамі. Мне здаецца, яны элементарныя бандыты, і паступаць з імі трэба як з бандытамі».

Да георгіеўскай стужкі музыка ставіўся «вельмі негатыўна»:

«Мне кажуць, што гэта знак, што гэтая стужка была на ордэнах Славы. Ну так. Але разумееце, свастыцы, якая сёння забаронена практычна ва ўсіх краінах свету, шмат тысяч гадоў.

Таму сёння, калі бачу георгіеўскую стужачку, у мяне стаўленне да яе як да негатыўнага знаку. А да людзей, якія яе вывешваюць, стаўленне як да людзей, якія падтрымліваюць адкрыта фашысцкую агрэсію Расіі супраць Украіны».

Сантэхнік-журналіст

Кулінковіч скончыў прафесійна-тэхнічную вучэльню, па спецыяльнасці ён — сантэхнік. Пасля будучы музыка яшчэ трохі павучыўся на журналіста ў БДУ, але «не зраслося».

А зарабляў на жыццё Кулінковіч не музыкай, а журналістыкай. Ён пісаў у розныя выданні, у тым ліку і «Советскую Белоруссію», быў вэб-рэдактарам.

Ягоная жонка Алена таксама працавала ў медыя.

Займаўся сэксам у рэдакцыі газеты «Праўда»

Пра незвычайны факт распавядаў сам Кулінковіч у інтэрв’ю «Камсамолцы»:

«Я займаўся каханнем у рэдакцыі газеты «Праўда», калі мяне пакінулі там начаваць, загадаўшы нічога не чапаць».

«Забіць асеціна»

Вядомая назва «Нейра Дзюбель» з’явілася ў калектыва не адразу. Першай ідэяй было назваць гурт «Музычнае аб’яднанне «Забіць асеціна». Прычым, ідэя належала якраз Аляксандру Кулінковічу. Праўда, яго ўсё ж адгаварылі ад такой назвы.

Спяваў з Ксюшай Сітнік

У 2010 годзе Кулінковіч нечакана заспяваў разам з пераможцай дзіцячага «Еўрабачання» Ксеніяй Сітнік. Разам яны выканалі песню «Мы вместе», з якой Ксенія перамагла ў конкурсе ў 2005 г.

Выступ адбыўся на гала-канцэрце адборачнага конкурсу на дзіцячае «Еўрабачанне», яго паказвалі па БТ.

Краіна мары — Нарвегія

У шматлікіх інтэрв’ю Кулінковіч неаднаразова казаў, што ненавідзіць Мінск, і, каб не праца, даўно з’ехаў бы ў вёску. Ды і ўвогуле, музыка адзначаў, што ў беларускім жыцці надта шмат недарэчнасцяў.

А ідэальнай краінай Аляксандр лічыць Нарвегію. У яго дома нават вісеў нарвежскі сцяг на сцяне.

Заўзеў за «Чыкага Булз»

Кулінковіч прызнаваўся, што не надта цікавіцца спортам — з беларускіх камандаў увогуле ведаў толькі БАТЭ і сталічнае «Дынама». У апошнім клубе, дарэчы, у яго гуляў брат.

Але пэўныя сімпатыі Кулінковіч усё ж меў. Ён прызнаваўся, што «тапіў» за вядомы баскетбольны клуб «Чыкага Булз», нават глядзеў усе гульні чэмпіянату NBA з удзелам гэтай каманды. А на чэмпіянаце свеце па футболе (у 2010 годзе) ў фінале падтрымліваў галандцаў і быў вельмі расчараваны гульнёй, бо выйграла Іспанія.

Пачаў пісаць песні на беларускай дзякуючы Караткевічу

«Быў супольнік на вершы Караткевіча, песня «Скрыпка дрыгвы». Хоць альбом не выйшаў, але трыб'ют меў свой плён, бо дзякуючы яму я пачаў спяваць па-беларуску, — расказваў Кулінковіч. — У песні ж як? Або ты спяваеш на мове, на якой думаеш, або песні выйдуць мёртвыя.

Дык хоць я расійскамоўны, але настолькі прасякнуўся паэзіяй Караткевіча, што папрасіў у Вольскага яшчэ колькі беларускіх кніг пачытаць. І так захапіўся, што калі-нікалі пачаў думаць па-беларуску. І паляцела, не спыніць-не стрымаць: пачаў складаць і гуляцца словамі…»

* * *

Кулінковіч са сваімі панкаўскімі песнямі быў адной з найярчэйшых зорак рока 90-х. 

Ён падтрымліваў нацыянальна-дэмакратычную апазіцыю, за гэта трапіў у створаныя ідэолагамі чорныя спісы. Яму забаранялі выступаць, урэшце ён вымушаны быў пайсці калумністам у «Советскую Белоруссію».

Да апошняга ён баяўся зноў аказацца забароненым для сцэны.

Увесну 2018-га ён адмовіўся спяваць на Дні Волі і вельмі нервова адрэагаваў на хвалю крытыкі, што абрынулася на яго за гэта нават з боку сяброў і былых прыхільнікаў.

Гэта быў сапраўдны творца. 

«Вось так і сканаў між азёраў і рэк
Тутэйшы, але ўжо марскі чалавек.
Ляжыць у сваёй беларускай зямлі
У драўляным апошнім сваім караблі…»

«Наша Ніва» далучае свае спачуванні Сашавай сям'і і ўсёй беларускай рок-супольнасці.

Чытайце таксама: Кулінковіч пра канцэрт ля Опернага: Вам рабіць не**й, вы не кахаеце, сябруеце толькі з рукой — адны загаворы «Жыве Беларусь!»

Кулінковіч: Калі ты забаронены, ты не развіваешся

Кулінковіч папрасіў прабачэння ў гледачоў за канцэрт, на якім ён быў п'яны ў дым

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?