31-гадовы грамадскі актывіст Дзмітрый Кавалгін напісаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку, што 7 жніўня ён быў адлічаны з шэрагаў Аб'яднанай грамадзянскай партыі.

«З фармулёўкай «за дыскрэдытацыю». Праўда, у чым яна заключалася, я так і не зразумеў. Гучалі выдатныя аргументы: я, аказваецца, нічога не рабіў, а тое, што рабіў — вельмі дрэнна», — напісаў Кавалгін.

Кавалгін раней узначальваў «Маладых дэмакратаў», моладзевае крыло АГП. Актыўна ўдзельнічаў у абароне Курапатаў, а таксама раёнаў Мінска ад забудоваў. У лютым у інтэрв'ю «Беларускаму партызану» ён раскрытыкаваў кіраўніка АГП Анатоля Лябедзьку.

«Новыя людзі не ідуць нам праз гэтыя вусы», — казаў Кавалгін пра Лябедзьку. Крытыкаваў «правадырызм» у АГП Дзмітрый і на апошнім з'ездзе партыі.

Новы старшыня АГП Васіль Палякоў у каментары «НН» адзначыў, што ў Кавалгіна меўся даўні канфлікт з кіраўніцтвам «праз інтэрв'ю, дзе ён прайшоўся па партыі». Па словах Палякова, Кавалгіна выключылі з фармулёўкай «нанясенне шкоды рэпутацыі партыі».

Васіль Палякоў адзначае, што канфлікт атрымалася б замяць, каб у гэтыя дні Кавалгін не патрабаваў пратаколы паседжанняў Палітрады АГП за апошнія тры гады.

У фэйсбуку Кавалгін адзначае, што сам Палякоў не выступаў за яго выключэнне з партыі. Але Палітрада «падаўляльнай большасцю галасоў» прыняла іншае рашэнне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?