Міліцыя разглядае магчымасць прыцягнуць мужчыну да адміністрацыйнай адказнасці за незаконнае пранікненне на аб'екты, што знаходзяцца пад аховай.
— Інцыдэнт адбыўся 6 жніўня днём, — пракаментавала здарэнне намеснік начальніка Вілейскага РАУС Кацярына Млячко.
— 36-гадовы жыхар Мозыра залез на адну з вышак, размешчаных на тэрыторыі вайсковай часткі ў вёсцы Шылавічы, і зрабіў сэлфі. Яго ўбачыў выканаўца абавязкаў камандзіра вайсковай часці і паведаміў у РАУС. На месца выкліку выехала аператыўная група, правапарушальніка затрымалі.
На допыце «скалалаз» растлумачыў, што пасля разводу і звальнення з працы ён вырашыў аўтастопам павандраваць па роднай Беларусі, убачыў вышкі ў Шылавічах і захацеў экстрыму. Ён праігнараваў таблічкі папярэджання пра тое, што пранікае на аб’ект, які ахоўваецца, і залез на адну з вышак зрабіць сэлфі. Пасля яго затрымання здымак знішчылі.
Міліцыя разглядае магчымасць прыцягнуць мужчыну да адміністрацыйнай адказнасці па артыкуле «Незаконнае пранікненне на аб’екты, што ахоўваюцца». Санкцыя па дадзеным артыкуле — штраф ад дзесяці да трыццаці базавых велічынь або адміністрацыйны арышт.
Лёс правапарушальніка вырашыць суд.