Міністэрства працы і сацыяльнай абароны вызначыла прыкладны пералік сітуацый, пры якіх «дармаедаў», якія падпадаюць пад дзеянне дэкрэта №1, могуць поўнасцю або часткова вызваліць ад аплаты камунальных паслуг па 100% тарыфе, паведамляе «Звязда».
Сітуацыі можна ўмоўна падзяліць на чатыры блокі.
Першы — стан здароўя. Напрыклад, наяўнасць у чалавека захворвання, якое з'яўляецца паказаннем да ўстанаўлення інваліднасці, але яна з нейкіх прычын пакуль што не аформлена, працяглае аднаўленне пасля траўмы, праходжанне курса лячэння і рэабілітацыі ад нарказалежнасці.
Другі блок — неабходнасць догляду дзяцей, старэйшых за сем гадоў. Напрыклад, школьнік стаіць на дыспансерным уліку з хранічным захворваннем, навучаецца дома пасля хваробы.
Трэці блок — неабходнасць пастаяннага ці часовага догляду дарослых непрацаздольных грамадзян.
Чацвёрты — адсутнасць магчымасці працаўладкавання. Тут могуць быць такія аб'ектыўныя прычыны, як значная аддаленасць месца жыхарства ад органаў тэрытарыяльнай службы занятасці, нерэгулярная транспартная сувязь, адсутнасць вакансій па спецыяльнасці.





