Не так даўно НН паведамляла пра тое, што энтузіяст Станіслаў Сілкін зрабіў беларускамоўную прашыўку на фітнэс-бранзалет Xiaomi Mi Band 3. Трэба было, каб тры чалавекі ўхвалілі яе на форуме, прысвечаным Mi Band 3.
Як паведаміў аўтар, гэты этап паспяхова пройдзены, і прашыўку ўжо можна спампаваць на форуме geekdoing.com ды карыстацца.
«Толькі невялічкая рэмарачка: з прычыны таго, што беларуская прашыўка мае найноўшую на гэты момант версію, усталёўваць яе трэба на Mi Band 3 з версіяй 1.3.0.4 (калі версія старэйшая, то трэба абнавіць праграму Mi Fit, астатняе яна зробіць сама)», — адзначае спадар Сілкін.
Пасля ўсталявання прашыўкі, раіць ён, трэба будзе абнавіць рэсурсы (паслядоўнасць «прашыўка»-«рэсурсы», гэта вельмі важна).
Алгарытм абнаўлення рэсурсаў такі ж самы, як і ў пунктах 7-8 інструкцыі па ўсталяванні прашыўкі, адзінае адрозненне - гэта пашырэнне файла (*.res).
Mi Band — гэта папулярны фітнэс-бранзалет, які дазваляе сачыць за сваім станам.





