uefa.com

uefa.com

Прэс-служба УЕФА назвала тройку прэтэндэнтаў на званне найлепшага гульца мінулага сезона — у яе ўвайшлі паўабаронца «Рэала» Лука Модрыч, форвард «Ліверпуля» Махамед Салах, а таксама форвард Крышціяну Раналду, які ўлетку перайшоў з «Рэала» ў «Ювентус». Пераможцу абвесцяць 30 жніўня на лёсаванні групавой стадыі новага сезона Лігі чэмпіёнаў.

У мінулым сезоне Модрыч выйграў у складзе «Рэала» Лігу чэмпіёнаў, а разам са зборнай Харватыі заваяваў срэбныя медалі чэмпіянату свету ў Расіі. Раналду стаў пераможцам Лігі чэмпіёнаў пяты раз у кар'еры, а таксама шосты раз запар стаў найлепшым бамбардзірам турніру, забіўшы 15 галоў.

Салах дайшоў з «Ліверпулем» да фінала Лігі чэмпіёнаў, а таксама стаў найлепшым бамбардзірам чэмпіянату Англіі, усталяваўшы новы рэкорд выніковасці АПЛ. Гулец забіў 32 галы і перасягнуў дасягненні Алана Шырэра, Луіса Суарэса і Раналду, якія забівалі за сезон 31 мяч.

У фінальную тройку прэтэндэнтаў на прыз найлепшаму гульцу сезону не ўвайшлі паўабаронца «Атлетыка» Антуан Грызман (пераможца Лігі Еўропы і чэмпіён свету ў складзе зборнай Францыі) і нападаючы «Барселоны» Ліянэль Месі (найлепшы бамбардзір чэмпіянату Іспаніі).

Прыз найлепшаму гульцу сезона паводле версіі УЕФА ўручаецца з 2011 года. Узнагароду можа атрымаць гулец любой нацыянальнасці, які выступаў у мінулым сезоне за клуб еўрапейскага чэмпіянату. Ацэньваецца выступленне футбалістаў ва ўсіх турнірах - нацыянальным чэмпіянаце, еўракубках і міжнародных матчах за зборную.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?