Следчае ўпраўленне УСК па Гомельскай вобласці ўстанавіла дачыненне да забойства 34-гадовай жыхаркі Акцябрскага раёна трох жыхароў вёскі Чырвоная Слабада. Па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства іх затрымалі і ўзялі пад варту.

Паводле даных следства, фігуранты крымінальнай справы распівалі спіртныя напоі на тэрыторыі дома аднаго з удзельнікаў застолля. Пасля чаго яго 20-гадовы госць, які знаходзіўся ў гаспадарчай пабудове, ударыў пацярпелую фрагментам цэглы і палкай. Ад атрыманых траўм жанчына памерла на месцы.

Затым госць папрасіў у сабутэльнікаў дапамогі, каб схаваць сляды злачынства. Яны перанеслі памерлую, яе асабістыя рэчы, у прычэп мотаблока 30-гадовага гаспадара дома, вывезлі цела ў лес і закапалі. Па дарозе назад адмылі мотаблок ад крыві, а, вярнуўшыся, знішчылі сляды злачынства.

Пасля таго, як гэтыя асобы патрапілі ў поле зроку праваахоўнікаў, асноўны фігурант і гаспадар дома вырашылі перахаваць цела. Мужчыны выкапалі яго і змясцілі ў іншую яму. Затым аблілі гаручай сумессю, падпалілі, і праз некаторы час закапалі.

Асноўнаму фігуранту крымінальнай справы прад'яўленае абвінавачванне за забойства з хуліганскіх намераў і здзек над трупам. Гаспадару дома, дзе адбылося забойства, — за ўкрывальніцтва асобы, якая ўчыніла асабліва цяжкае злачынства, зброі і слядоў здзяйснення гэтага злачынства і здзек над трупам. Трэцяму фігуранту — за ўкрывальніцтва асобы, якая ўчыніла асабліва цяжкае злачынства, зброі і слядоў здзяйснення гэтага злачынства.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?