Старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Леанід Анфімаў апублікаваў на старонках «Советской Белоруссіі» праграмны артыкул «Якімі нам быць». Анфімаў выстаўляе сябе праціўнікам якіх-кольвек рынкавых рэформаў. Ён хваліць стабільнасць і з настальгіяй узгадвае часы планавай эканомікі.

«Наша Ніва» вылучыла дзесяць асноўных тэзісаў Леаніда Анфімава.

Леанід Анфімаў. Фота БелТА

Леанід Анфімаў. Фота БелТА

  1. Я з уздрыгам думаю, што было б з краінай, калі б раздалі ў прыватную ўласнасць або зачынілі неэфектыўныя прадпрыемствы. Многія краіны паддаліся на гэтыя «парады і рэкамендацыі» і пазбавіліся нацыянальных эканомік і эканамічнай самастойнасці.
  2. Капіталісты будуць вам усміхацца, абяцаць залатыя горы, але гэта будуць усмешкі з воўчым ашчэрам.
  3. У нацыянальныя эканомікі ўвайшлі са сваімі інтарэсамі транснацыянальныя кампаніі развітых краін. Яны адыгралі ролю траянскага каня, фактычна знішчыўшы па адзіночцы больш слабыя мясцовыя прадпрыемствы. А пазбавіўшыся эканамічнай самастойнасці, пазбаўляюцца палітычнай незалежнасці. І вам будуць ужо не рэкамендаваць, а ўказваць: як жыць, з кім сябраваць, каго абіраць ва ўладу. І ўжо не народ будзе абіраць: усё будзе дыктавацца звонку.
  4. Шмат эканомік засталося ва Усходняй Еўропе, інтэграванай у Еўрасаюз?! Раз, два і аблічыўся. Польшча, Чэхія, Славакія яшчэ неяк змагаюцца. Лёс нашых найбліжэйшых суседзяў — былых рэспублік СССР — яшчэ не зайдроснейшы. Хоць той-сёй і спрабуе іх у якасці прыкладу супрацьпастаўляць Беларусі: у іх, маўляў, і сярэдняя зарплата вышэйшая, і пенсія большая, і нас яны вучаць розуму. А ў саміх палова насельніцтва разбеглася па заходніх дзяржавах у пошуках лепшай долі, бо дома рабіць няма чаго.
  5. Я не разумею, чаму камусьці карціць разбурыць тое, што забяспечвае спакой і стабільнасць, напэўна, адзінай на постсавецкай прасторы краіны. Эксперыменты ў сферы грамадска-эканамічных адносін занадта дорага абыходзяцца дзяржавам. У любога разважнага палітыка рука ніколі не падымецца націснуць на кнопку, якая запускае механізм гэтага эксперыменту.
  6. Камусьці не падабаецца курс на стрымліванне маштабнага раздзяржаўлення і прыватызацыі. А ці можа хто з дарадцаў і экспертаў адказаць на пытанне: што гэта дасць эканоміцы?! За кошт чаго будзе забяспечаны надуманы росквіт прыватызаваных або выведзеных з-пад апекі дзяржавы прадпрыемстваў? Развагі пра з'яўленне эфектыўнага ўласніка — пустыя.
  7. Выйсці ў інтэрнэт і кінуць там кліч «Даеш рэформы!» — вялікага розуму не трэба. А якія рэформы сёння патрэбныя грамадству? Атрымаць магчымасць цягаць у парламенце адно аднаго за чубы або ў жывым эфіры тэлебачання выплюхнуць апаненту ў твар шклянку вады?! Дык для гэтага рэформы не патрэбныя. Дурняў і без іх хапае — толькі выпусці на трыбуну.
  8. У хатняй гаспадарцы мы не аддаем усё на волю выпадку і не жывём адным днём. Гаспадар бізнэсу таксама ўмешваецца ў падзеі і рэгулюе сітуацыю. Так павінна быць і з дзяржаўнай уласнасцю, бо дзяржава такі самы ўласнік.
  9. Ідэя планавай эканомікі апярэдзіла час! Усе прадпрыемствы працавалі ў цеснай кааперацыйнай звязцы. Кожны ведаў, што вырабляць і колькі. Не было праблем са збытам прадукцыі. Грошы бездакорна выконвалі сваю злучную функцыю паміж попытам і прапановай.
  10. Сёння рэфармаванне эканомікі краіны — гэта не галоўная задача. Рэформы патрэбныя, але не ў сферы эканамічных адносін праз пераразмеркаванне ўласнасці ад дзяржавы прыватніку. Перш за ўсё яны павінны закрануць адносіны людзей да працы. З неба нічога не ўпадзе. Галоўная рэформа павінна адбыцца ў мазгах. Каб мы самі нарэшце зразумелі, што наша шчасце ў нашых жа руках і ніхто яго з-за мора нам не прынясе, там сваіх праблем хапае. Але заўсёды знойдуцца ахвотныя на часовых цяжкасцях падставіць падножку, каб не мулялі вочы сваёй стабільнасцю і спакоем.

Леанід Анфімаў

Нарадзіўся ў 1954 у сяле Сіма Юр’еў-­Польскага раёна Уладзімірскай вобласці Расіі. Скончыў Беларускі політэхнічны інстытут (1977), Наргас (1988). Працаваў інструктарам прамыслова­-транспартнага аддзела Заводскага райкама КПБ, генеральным дырэктарам вытворчага аб’яднання «Дызайн». Ад 1991 да 2001 працаваў у Мінгарвыканкаме. Потым сыходзіў у КДК, пасля чаго зноў вяртаўся ў Мінгарвыканкам. З красавіка 2006 — намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта. У снежні 2010 стаў намеснікам старшыні КДК. Ад кастрычніка 2014 — старшыня КДК.

Чытайце таксама: Ад пастуха да галоўнага пастуха краіны: пяць фактаў пра Леаніда Анфімава

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?