Аляксандр Коржыч у войску, архіўнае фота

Аляксандр Коржыч у войску, архіўнае фота

У Менскім абласным судзе на працэсе па факце сьмерці ў Печах салдата Аляксандра Коржыча заслухалі сьведку Андрэя Зайца, былога сяржанта, камандзіра ўзводу, якому быў падначалены Коржыч. Менавіта Заяц першым убачыў мёртвага Коржыча, на судзе ён распавёў, як гэта было, піша Радыё Свабода.

Андрэй Заяц цяпер адбывае пакараньне ў бабруйскай калёніі №2. У траўні 2018 году Заяц быў асуджаны за злоўжываньне ўладай, атрымаў тры гады пазбаўленьня волі.

Сьведкі на працэсе ў Менскім абласным судзе расказвалі, што ён зьдзекаваўся з Коржыча і вымагаў у яго грошы.

«Убачыў сінія рукі»

Андрэй Заяц 3 кастрычніка 2017 году знайшоў цела Коржыча ў падвале будынку мэдычнай роты.

«Коржыч праходзіў з траўня па чэрвень курс маладога байца, я быў камандзірам яго ўзводу, — расказаў Заяц на допыце. — Больш мне няма чаго дадаць. Нічым асаблівым ён сябе не праявіў».

Заяц расказаў, што падчас службы ў Печах вёў дзёньнік, куды «запісваў свае думкі». Зь ягоных словаў, пра Коржыча туды ён нічога не пісаў.

«Коржыча я знайшоў, калі стаяў у нарадзе на пасьце кантролю на ўезьдзе ў мэдычную роту, — расказаў Заяц. — Звычайная служба ў нарадзе. Перад тым як яго здаць, я пайшоў у падвал, каб узяць інструмэнт (каб парадкаваць на пасьце). І ўбачыў там чалавека, які вісеў. Убачыў, што яго рукі сінія. Значыць, ён быў мёртвы.

Вярнуўся назад і зьвязаўся зь дзяжурным з мэдычнай роты. Калі ён прыбыў, я адвёў яго туды ў падвал. Потым мы выйшлі, дзяжурны пачаў званіць начальнікам. Выклікалі ўсіх. Прыехаў СК з Барысава, мяне дапыталі. Пасьля гэтага адпусьцілі. Больш нічога не магу расказаць».

Заяц заявіў, што ў дачыненьні да Коржыча ня меў пазастатутных адносінаў, асуджаны быў за іншыя злачынствы. Таксама сьведка сказаў, што ня ведаў Коржыча да службы (яны з загінулым салдатам мелі агульных знаёмых у Салігорску, адкуль родам Заяц).

Падчас допыту высьветлілася, што ў памяшканьні, дзе знайшлі цела Коржыча, не было сьвятла (сяржант Заяц карыстаўся ліхтарыкам мабільнага тэлефону). Яно знаходзіцца прыкладна за 10-15 мэтраў ад уваходу. Каб трапіць туды, трэба спусьціцца яшчэ адной лесьвіцай. Дзьверы невысокія, каб зайсьці ў памяшканьне, трэба прысесьці.

Андрэй Заяц расказаў, што ў Коржыча рукі не былі зьвязаныя. Галава была накрытая, на падлозе ляжалі папруга і шапка. Побач з трупам не было нейкіх услонаў альбо падставак.

Сяржант Заяц спрабаваў учыніць суіцыд

Як расказаў на працэсе іншы сьведка зь ліку былых сяржантаў — Эрнэст Субоцкі — сяржант Заяц падчас службы ў Печах меў кепскую рэпутацыю.

«Зайца лічылі дзіўным, — расказаў Субоцкі. — Гаварылі, што ён хворы на ўсю галаву. Мог падняць сваю роту пасярод ночы, пажадаць усім «Добрай ночы» і загадаць зноў спаць. Гаварылі, што Заяц біў Коржыча, вымагаў у яго грошы».

Паводле Субоцкага, яго вельмі зьдзівіла, што менавіта Заяц знайшоў труп Коржыча.

«Заяц ніколі не хадзіў у падвал мэдроты. Ён расказваў, што шукаў там венік, але венікі ў іншым месцы. Выпадкова ў месца, дзе знайшлі Коржыча, нельга трапіць».

Таксама Субоцкі расказаў, што падчас знаходжаньня ў мэдычным пункце Коржыч нейкі час быў у адной палаце з Зайцам. Пасьля гэтага яго настрой рэзка зьмяніўся, Коржыч пачаў «панічна баяцца» заступаць у нарады ў мэдпункце адзін.

Абвінавачаны Бараноўскі расказаў, што ўжо пасьля затрыманьня быў сьведкам спробы самагубства Андрэя Зайца.

«Мы ехалі з допыту ў справе Коржыча, — расказаў Бараноўскі. — Заяц быў у адной машыне са мной. Ён дастаў аднекуль іголку і паспрабаваў засунуць яе сабе ў вену. Яго спынілі афіцэры».

Сам Заяц не адмаўляе гэтага ўчынку, аднак называе яго выпадковасьцю.

***

Суд па справе Коржыча. Коратка

Абвінавачанымі ў «справе Коржыча» прызнаныя трое сяржантаў зь ягонай роты, якія, паводле сьледзтва, давялі салдата да самагубстваАнтона Вяжэвіча і Ягора Скуратовіча вінавацяць ва злоўжываньні ўладай, атрыманьні хабару і перавышэньні службовых паўнамоцтваў. Яўгена Бараноўскага ў дадатак да гэтага ў крадзяжы.

Маці Аляксандра Коржыча Сьвятлана лічыць, што яе сын стаў ахвяраю забойства. Прычынай злачынства, перакананая яна, стала нежаданьне сына плаціць сяржантам грошы за знаходжаньне ў мэдычнай роце. Саслужыўцы загінулага салдата, апытаныя пракурорам і суддзёй, таксама ня вераць у самагубства.

Пацярпелымі ў справе, акрамя сваякоў Аляксандра Коржыча, прызнаныя больш за 50 яго былых саслужыўцаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?