Арганізатары сямейнага фільма «Мой сябар жырафа» падрыхтавалі прыемны сюрпрыз наведнікам: кожны дзіцёнак, які наведае прэм’еру фільма 30 жніўня ў к/т «Масква» атрымае ўнікальную кніжку-маляванку «Мой сябар жырафа ў Беларусі».
— Фільм прымеркаваны да пачатку навучальнага года. У ім распавядаецца аб тым, як жырафа Раф пайшоў у нідэрландскую школу. А мы прыдумалі гісторыю аб тым, як беларускі хлопчык запрашае Рафа ў Беларусь. Выйшла цікавая казка-маляванка, праз якую дзеткі даведаюцца больш пра нашую краіну!— распавядае кіраўнік праекта Андрэй Кім.
Фільм «Мой сябар жырафа» — гэта нідэрландскі дзіцячы фільм 2017 года, які распавядае пра сяброўства хлопчыка Дзікечэ і гаваркой жырафы Рафа. Найлепшыя сябры плануюць разам пайсці ў школу і з гэтай нагоды перажываюць розныя прыгоды.
Фільм зняты паводле гісторыі вядомай галандскай казачніцы Ані Г. Шмідт і дубляваны на беларускую мову кампаніяй «Кінаконг» пры падтрымцы кампаніі velcom у межах праекта «Беларускія Ўікэнды».
Фільм будзе ісці ад 30 жніўня ў 15 кінатэатрах Мінска і ў кінатэатры «Мір» г. Віцебска, а пазней і ў астатніх рэгіёнах Беларусі.
— Яшчэ ніколі ў гісторыі беларускамоўнае кіно не ішло ў такой колькасці кінатэатраў адначасова — амаль усе мінскія кінапляцоўкі ўзялі фільм у пракат.— адзначаюць арганізатары.
Квіткі можна набыць у касах кінатэатраў, а таксама анлайн.





