72-гадовую Ніну Багінскую затрымалі 10 верасьня ў цэнтры Менску з плякатам «Беларусь рэпрэсаваная». Суд Цэнтральнага раёну сталіцы аштрафаваў актывістку на 1225 рублёў (50 базавых велічыняў), піша «Радыё Свабода».
Багінскую судзілі за паўторнае парушэньне парадку арганізацыі ці правядзеньня масавых мерапрыемстваў (ч. 3 арт. 23.34 КаАП).
Ніна Багінская з плякатам «Беларусь рэпрэсаваная», архіўнае фота.
Багінская сказала, што зьбіралася ісьці да будынку Камітэту дзяржаўнай бясьпекі. Актывістка прайшла ад «нулявога кілямэтру» да скрыжаваньня праспэкту Незалежнасьці і вуліцы Энгельса, дзе яе і затрымалі. Багінская кажа, што пратэставала супраць «рэпрэсіяў» за Курапацкую варту, «гуляла з плякатам», выкарыстоўваючы канстытуцыйнае права на пратэст.
Паводле актывісткі, амапаўцы «прычапіліся» да свастыкі на плякаце, маўляў, яна забароненая ў Беларусі.
Паводле слоў Багінскай, пасьля суду плякат ёй не вярнулі. Актывістка кажа, што намалюе іншы і працягне пратэставаць супраць рэстарацыі «Поедим поедим», не зважаючы на штрафы.
Дзяжурны Цэнтральнага РАУС казаў Свабодзе, што ня ведае пра затрыманьне Багінскай.
Затрыманьне Ніны Багінскай, 10 верасьня.