На гэтым тыдні ў Мінску прайшла вечарына памяці кіраўніка «ДНР» Аляксандра Захарчанкі. Праўда, у паведамленні сайта materik.ru не пазначаецца, дзе праходзіла мерапрыемства, а таксама колькі было ўдзельнікаў.

Фота з сайта «Россотруднічества».

Фота з сайта «Россотруднічества».

Адзін з выступоўцаў на вечарыне, арганізатар «Бессмяротнага палка» Валерый Драко сказаў у размове з «Нашай Нівай», што імпрэза праходзіла «ў раёне Нямігі, магчыма, на базе «Россотруднічества». Агулам на вечарыну прыйшло каля 50 чалавек.

Прысутным былі паказаныя дакументальныя фільмы пра Захарчанку. Сам Драко ад імя левых арганізацый сталінісцкага толку зачытаў зварот да прэзідэнтаў Расіі і Беларусі аб далучэнні «ЛНР» і «ДНР» да «саюзнай дзяржавы». «Беларускія ўлады будуць супраць, мы не сумняёмся, — сказаў Драко. — Цікава, як на гэта адрэагуе прэзідэнт Расіі».

Сам Драко ні разу не быў у Данецку і Луганску пасля пачатку баявых дзеянняў, але збірае сродкі ў падтрымку сепаратысцкіх дзяржаваў.

«Да нас прыязджала жанчына, кіраўніца артылерыстаў, у яе рукі ўсе ў пораху, хаця сама не ваюе. Кантакт наладжаны», — кажа Драко.

Былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Драко ўпэўнены, што ў неспакоі на Данбасе найперш зацікаўленыя ЗША. «Яны, можа, там усіх і забіваюць, а потым спіхваюць на Кіеў. Еўропа менш у гэтым зацікаўленая», — кажа ён.

У самім «Россотруднічестве» нам сказалі, што грамадская арганізацыя «Русь» выкарыстоўвае іх актавую залу для розных мерапрыемстваў, таму там магло быць і гэтае мерапрыемства.

Намеснік старшыні «Русі» Мікалай Сяргееў пацвердзіў, што імпрэза сапраўды праходзіла на базе «Россотруднічества».

«Беларускія ўлады мы не запрашалі, мы ведаем іх неадназначнае стаўленне, — сказаў Сяргееў. — Гэта быў вечар памяці тых, хто вядзе барацьбу супраць фашызму і бандэраўшчыны. Грамадскасць проста ўшанавала памяць».

Расійскі цэнтр навукі і культуры («Россотрудничество») з’яўляецца расійскай федэральнай структурай, фінансуецца з бюджэту. Офіс арганізацыі ў Мінску месціцца па адрасе Рэвалюцыйная, 15а. Да гэтага памяшканне ім прадстаўляла пасольства Расіі ў Мінску.

Маюцца таксама такія цэнтры ў Брэсце і Гомелі. Пры «Россотруднічестве» актыўнічае Сяргей Лушч, кіраўнік «Русі маладой». З офіса «Россотруднічества» каардынуецца раздача георгіеўскіх стужак на Дзень Перамогі. Пры гэтым афіцыйна гэта лічыцца культурна-інфармацыйнай структурай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?