Уладзіміра Грозава прызналі вінаватым у тым, што ён скраў у царквы два мільярды рублёў. За экс-кіраўніка выдавецтва Экзархата падчас судовага паседжання заступіўся мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усёй Беларусі. Ён прасіў спыніць крымінальную справу, а самога Уладзіміра Грозава вызваліць з-пад варты.

На абвяшчэнне прысуду сёння прыйшлі блізкія і родныя Грозава, вольных месцаў у зале амаль не было. Сам абвінавачваны трымаўся ўпэўнена, часам усміхаўся — і гэта нягледзячы на тое, што напярэдадні пракурор папрасіў пакараць Уладзіміра Грозава да рэальнага тэрміна — 8 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.

Суд Заводскага раёна Мінска ў выніку прызнаў яго вінаватым па ч. 4 арт. 209 КК «Махлярства ў асабліва буйным памеры», ч. 2 арт. 231 (Ухіленне ад выплаты мытных плацяжоў), ч. ч. 2, 3 арт. 426 (Перавышэнне службовых паўнамоцтваў) і прысудзіў да сямі гадоў пазбаўлення волі.

Уладзіміра Грозава затрымалі проста на мяжы ў снежні 2016 года, калі ён хацеў з'ехаць з краіны. Грозаў — былы сілавік, 16 гадоў праслужыў у царкве, а затым яго абвінавацілі ў крадзяжы грашовых сродкаў. Праваслаўная царква выставіла яму пазоў у 750 тысяч даляраў, але ў першы ж дзень суда адмовілася ад яго.

- Я верай і праўдай служыў Беларускай праваслаўнай царкве. І дзейнічаў толькі з блаславення і распараджэння царквы, усе дзеянні і вырваны з кантэксту. Высокі суд, у 2010 годзе прэзідэнт уручыў мне ўзнагароду «За духоўнае адраджэнне». На жаль, са зменай Экзархата знайшліся людзі, якія выставілі маю дзейнасць як непаразуменне. Гэтыя людзі ўжо не працуюць у БПЦ. Мне ставілі ў віну 17 артыкулаў, яны адпадалі, потым прыляпляліся, - заяўляў Грозаў падчас працэсу і не прызнаваў сваёй віны.

Следства налічыла ўрон у 12 мільярдаў, але падчас судовага працэсу пракуроры прад'явілі новае абвінавачванне. З яго знік арт. 210 «Крадзеж у асабліва буйным памеры» і з'явіўся арт. 209 «Махлярства», а нанесеная шкода была паніжана з 12 мільярдаў да двух.

— Выглядаю як прыватны жулік, — так пракаментаваў Грозаў новае абвінавачванне і зноў паўтарыў, што ні ў чым не вінаваты.

Каб абараніць экс-кіраўніка выдавецтва Экзархата, у судзе ў якасці сведкі з'явіўся мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павал, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.

— Сёння я ўсё гэта ацэньваю зусім па-іншаму … Сёння я разумею, што ўсе, хто супраць яго пісаў, гэта былі зайздроснікі, — казаў ён тады.

Прысуд не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?