1 кастрычніка спаўняецца 10 гадоў агульнабеларускай грамадзянскай культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі», мэта якой — «паглыбленьне нацыянальнай ідэнтычнасьці беларусаў». З дапамогай каардынатарак кампаніі Алены Макоўскай і Ніны Шыдлоўскай, а таксама камунікацыйнага кансультанта Андрэя Эзэрына Свабода сабрала 10 фактаў пра кампанію.

А потым паўстала пытаньне: ці кожны год шукаць нейкія юбілеі, знакавыя падзеі, ці ўсё ж такі арганізаваць нейкую кампанію, якая б дапамагла беларусам пазнаёміцца зь беларускай культурай, з найлепшымі яе дасягненьнямі.

1. Да старту «Будзьма беларусамі» падштурхнула 90-годзьдзе абвяшчэньня БНР

Алена Макоўская ўспамінае, як у 2007 годзе ў Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» зьявіўся пілётны праект — набліжалася 90-годзьдзе БНР.

«І хацелася вынесьці гэтае сьвяткаваньне за межы палітычнага фармату, каб яно пайшло шырэй, каб людзі, незалежна ад розных палітычных поглядаў, разумелі значнасьць і вартасьць гэтых падзей. І цягам некалькіх месяцаў мы ладзілі літаратурныя, музычныя, культурніцкія імпрэзы ў Менску і рэгіёнах, зьвязаныя менавіта зь юбілеем БНР.

Напачатку баяліся, што давядзецца зь Менску арганізоўваць імпрэзы ў рэгіёнах. А інтарэс паўсюль быў настолькі вялікі! Для нас было адкрыцьцё, наколькі была высокая цікавасьць, запатрабаванасьць, інтарэс, і мы зразумелі, што ідзём правільным шляхам», — кажа Алена.

Канцэрт да сямігадовага юбілею праекту «Тузін гітоў. Перазагрузка»

Канцэрт да сямігадовага юбілею праекту «Тузін гітоў. Перазагрузка»

Ніна Шыдлоўская дадае, што на ніве беларускай культуры працавала шмат арганізацый, але гэтая праца выглядала для незаангажаваных людзей больш як кропкавая, разрозьненая, а ў пэўны пэрыяд грамадзка-палітычнага жыцьця яшчэ і як вельмі палітызаваная.

«І некаторыя асьцерагаліся, пабойваліся да гэтага далучацца. І таму на гэтым пазытыве — 90-годзьдзе БНР — менавіта праз культурна-асьветніцкую акцыю мы імкнуліся прадэманстраваць, што беларуская культура — гэта якраз той падмурак (як у гістарычнай рэтраспэктыве, так і ў сучасны пэрыяд), які дае апірышча для незалежнасьці сучаснай Беларусі. І тады, убачыўшы пазытыў, водгукі людзей, зацікаўленасьць, задумаліся, якім чынам працягнуць.

І чарговым разам, калі мы ехалі ў выправу, нас асяніла, што трэба пачынаць новую агульнанацыянальную кампанію ўнутры Беларусі», — расказала Ніна Шыдлоўская.

2. Чаму дзень народзінаў «Будзьма» 1 кастрычніка

Каардынатары кажуць, што спачатку яны плянавалі запусьціць кампанію ўвесну 2008 году, адразу ж пасьля сьвяткаваньня 90-годзьдзя БНР.

«Але ў краіне былі іншыя палітычныя кампаніі, парлямэнцкія выбары, і мы вырашылі ня зьмешвацца зь імі, а ісьці асобна. І, як толькі скончыліся ўсе выбары, тады мы і стартанулі з кампаніяй. 1 кастрычніка 2008 году адбылася прэс-канфэрэнцыя, на якой мы заявілі, што «Будзьма беларусамі» пачынаецца; пра яе мэты і задачы. Напачатку было складана, даводзілася экспэрымэнтаваць, займацца вынаходніцтвам.

Пачыналі з культурных мерапрыемстваў, імпрэзаў, канцэртаў — далучаліся іншыя людзі, ініцыятывы. Але задача — выйсьці на іншы ўзровень, прыцягваць людзей, прасоўваць трэнд беларускага як сучаснага і пэрспэктыўнага. Першыя 2 гады зьбіралі аднадумцаў, партнэраў — дзясятак арганізацый пагадзіліся з намі працаваць пад такім моцным лёзунгам».

3. Хто прыдумаў назву «Будзьма беларусамі»?

Алена Макоўская кажа, што гэта была калектыўная, калегіяльная праца. Пачынала прыкладна 10 арганізацый і ініцыятыў, зьбіраліся разам і прыдумлялі. Было шмат спрэчак, не адзін моцны мазгавы штурм.

«Былі аналягі і з украінскай «будзьма». Нам хацелася штосьці станоўчае, гістарычна беларускае і самасьцьвярджальнае. І нам здаецца, што мы знайшлі правільнае рашэньне. Так што гэта калектыўны выбар, канкрэтнага аўтарства няма», — прызнаецца каардынатарка кампаніі.

А потым асобы кампаніі пачалі шукаць прыметнікі: «Будзьма адметнымі», «Будзьма крэатыўнымі», «Будзьма творчымі» «Будзьма непаўторнымі», «Будзьма ўпартымі!», «Будзьма неабыякавымі», «Будзьма захопленымі», «Будзьма адказнымі», «Будзьма натхняльнымі», «Будзьма сумленнымі», «Будзьма зачараванымі», «Будзьма прыгожымі», «Будзьма закаханымі» і яшчэ некалькі дзясяткаў прыметнікаў…

4. «Будзьма» ўпершыню выйшла з адметнай візуальнай прадукцыяй

Людзі, якія хацелі паказаць, што яны зь Беларусі, станавіліся, так бы мовіць на два розныя полюсы: альбо апраналі штосьці з «Пагоняй» і бела-чырвона-белае, альбо колеры дзяржаўнага сьцяга.

«А пасярод не было нічога. І для людзей, якія не хацелі дэманстраваць свае палітычныя погляды, мы зрабілі прапанову, што можа быць пасярэдзіне — беларускім, нацыянальным. Калі распрацоўвалі лягатып кампаніі, было вельмі важна, каб ён пераклікаўся з гісторыяй, з вышыванымі арнамэнтамі. І вось гэтая форма піксэляў, квадрацікаў — яна вельмі гнуткая і сучасная, зьвязвае з кампутарнай эпохай, вельмі зручна кампанаваць, будаваць розныя вобразы», — кажа Алена Макоўская.

Ніна Шыдлоўская прыгадала гісторыю, як яна езьдзіла ў Берасьце на прэзэнтацыю кампаніі, сустракалася з чынавенствам, тлумачыла, з чым «Будзьма» заходзіць у іх прастору.

«Прэзэнтацыя была з прыгожымі фатаздымкамі, дзе з намі ўсясьветна вядомая фірма Husqvarna фэст «Аднак!» адкрывае, распавяла ўсё ў пазытыве. Пытаньне было практычна адно: «А чаму ў вас сымболіка ў бела-чырвоных колерах?» Я адматала некалькі фатаздымкаў назад, запыталася: «Вы ў лесе часта бываеце? Там шлягбаўмы перасьцерагальныя таксама бела-чырвоныя. Гэта таксама натуральна для нашай прасторы».

5. Талент зьбіраць вакол сябе цікавых людзей

Камунікацыйны кансультант Андрэй Эзэрын адзначае, што падмурак, на якім стаіць «Будзьма» — гэта асаблівы талент зьбіраць вакол сябе цікавых людзей.

«З самага пачатку кампанія працавала з найлепшымі. Мне пашанцавала, маю гонар, што і мяне сюды далучылі. Каманда сапраўды прабіла вельмі цікавыя рэчы — упершыню ў Беларусі.

Мне здаецца, што менавіта «Будзьма» выйшла з гета і стала шчыльна, сур’ёзна, стратэгічна працаваць, напрыклад, зь бізнэсам. Адзін з самых моцных прыкладаў — гэта фэстываль «Аднак!» — вельмі складаны праект, на такіх праектах пасівець можна! «Аднак!» не адбыўся б безь бізнэсоўцы Сяргея Скарахода, якога я прыцягнуў у каманду. А мяне далучыў да «Будзьма» Севярын Квяткоўскі.

«Колькі цікавых журналістаў, фатографаў далучыліся да кампаніі, бо калі стваралі які-небудзь прадукт, вельмі важная была якасьць. Калі беларускае, беларускамоўнае — яно павінна быць супэр! І адбывалася сынэргія: мы вучыліся ў іх, яны — у нас», — дадае Алена Макоўская.

Андрэй Эзэрын пералічыў толькі некаторыя праекты і асобы: музыкаў Лявона Вольскага, Зьмітра Вайцюшкевіча, Аляксандра Памідорава, Рамана Арлова, літаратараў Уладзімера Арлова, Віктара Марціновіча, мастацтвазнаўцу Сяргея Харэўскага, з дапамогай якога «Будзьма» выдала першую кніжку — пра менскі квартал Асмалоўку.

6. Фэстываль беларускамоўнай рэклямы «Аднак!»

У 2010 годзе «Будзьма» зладзіла Першы фэстываль беларускамоўнай рэклямы і камунікацый, які стаў традыцыйным — сёлета адбудзецца ўжо восьмы раз.

Каардынатары прыгадалі першую прэс-канфэрэнцыю перад фэстывалем у страўні «Камяніца», дзе сядзелі вельмі напружаныя, насьцярожаныя бізнэсоўцы, рэклямісты, якія казалі, што «беларуская мова — гэта каб вылучыцца, яна выкарыстоўваецца як інструмэнт, рэкляма па-беларуску ня мае пэрспэктывы». А якраз напярэдадні правялі сацыялягічнае дасьледаваньне, і 51% беларусаў адказалі, што гатовы атрымліваць інфармацыю па-беларуску.

«Можа быць, яны не гатовыя актыўна размаўляць, але пасіўна ўспрымаць беларускую мову гатовыя. Я кажу: давайце працаваць на іх. Вы ж рэклямісты — прагрэсіўныя, крэатыўныя, вы ж павінны гэтую плынь рухаць!», — кажа Алена Макоўская.

Далучыліся бізнэсоўцы — кіраўнік рэсурсу marketing.by Сяргей Скараход разам з «Будзьма беларусамі» стаў прасоўваць і раскручваць фэстываль, ён пранікся, шчыра паставіўся, яму было цікава — зусім не мэркантыльныя мэты былі.

«А праз фэстывалі Сяргей Скараход дапамог дагрукацца да бізнэс-асяродку з нашай беларушчынай. Калі мы пачыналі, у большасьці грамадзкіх арганізацый не было звычкі працаваць так, як працуе бізнэс-структура — з дакладнымі вытрыманымі пасьлядоўнымі крокамі, камунікацыяй падчас мерапрыемства, посткамунікацыяй, арганізацыяй працы ў офісе і гэтак далей.

Дзякуй Андрэю, мы і ў яго навучаліся многім падыходам і інструмэнтам зь бізнэсу. І мы ўжо ад нашых партнэраў з грамадзкіх арганізацый часам патрабавалі больш арганізаванай пасьлядоўнай працы. Бо бізнэс-мэханізмы задуманы для дасягненьня эфэкту, а ня толькі для працэсу. Мы і самі вучыліся карыстацца, і іншых вучылі», — дадае Ніна Шыдлоўская.

7. «Будзьма» запусьціла Цмока

Найлепшая баскетбольная каманда Беларусі перайменаваная ў «Цмокаў», улады Лепелю абмяркоўваюць цмока ў якасьці сымбалю раёну і пяты год ладзяць фэст «У госьці да лепельскага цмока», а на ўзроўні Менгарвыканкаму абмяркоўваецца праект Траецкага моста з гэтымі мітычнымі істотамі.

«Самыя пасьпяховыя праекты — сыстэмныя. Вобраз, які запусьціла «Будзьма» з кампаніяй «У пошуках цмока», пайшоў у народ. Гэта была мэта кампаніі — каб гэтай нацыянальнай глебай людзі карысталіся», — кажа Ніна Шыдлоўская.

Хоць напачатку ўсе адчувалі, што ідэя з цмокам была авантурнай, але яна захапіла ўсіх правакацыйнасьцю, навізной, а яшчэ тым, што цмок — герой шматлікіх беларускіх мітаў, легендаў і паданьняў.

«Баскетбольны клюб «Мінск-2006» сам выйшаў на нас. Падчас прэзэнтацыі праекту «Ў пошуках цмока» да нас прыйшоў трэнэр Аляксандар Куль. Ён настолькі прасякнуўся і захапіўся самой ідэяй цмока, які адлюстроўвае пласт гісторыі Беларусі! А баскетбалісты тады плянавалі зрабіць рэбрэндынг каманды. І Куль запытаўся, ці ня супраць мы, каб яны ўзялі цмока, якога мы «вывелі на паверхню», і ўвасобілі і як назву, і як стыль сваёй каманды», — згадаў Андрэй Эзэрын.

І цяпер усе інфармацыйныя рэсурсы «Цмокаў» працуюць таксама і на «Будзьму» — білборды, рэкляма.

8. «Будзьма» зрабіла мульцік «Будзьма Беларусамі»

Цяпер мульцікі зьяўляюцца кожны год. А ў 2011 годзе гэта была падзея, рэвалюцыйная рэч — з пункту гледжаньня сьмелага падыходу.

«Спачатку мультфільм задумваўся як карпаратыўнае відэа аб ідэях кампаніі «Будзьма беларусамі». А ўрэшце гэта стала мэсыджам пэўнага часу, а ня толькі кампаніі. Але шлях быў складаны. Была складанасьць сфармаваць ідэю. Рэклямныя арганізацыі нас не разумелі: вось калі робіш для банку, зразумела: банк дае пэўны сэрвіс. А як паказаць, што беларус становіцца беларусам, калі пачынае цаніць мову, культуру, як адбываецца транфармацыя?» — успамінае Алена Макоўская.

А Ніна Шыдлоўская адзначае менавіта чалавечы фактар — тады сышліся зоркі.

«Цудоўна на той момант атрымалася супасьці па нейкіх адчуваньнях часу, прасторы і патрэбы зь Юляй Ляшкевіч і Юляй Рудзіцкай. І там былі Лявон Вольскі і Аляксандар Памідораў! Ідэя падцягнула патрэбных людзей», — кажа Ніна Шыдлоўская.

Андрэй Эзэрын дадае, што сёньня на адным дыханьні глядзіцца гэты мультфільм. А былі і цяжкія моманты — усе ж творчыя людзі. Да таго ж чакалі, што хутка прыйдуць па гэты мульт.

Дарэчы, мульцік перакладзены на 7 моваў сьвету, а тым ліку на ангельскую, швэдзкую.

9. У «Будзьмы» часьцяком крадуць слоганы і «пазычаюць» ідэі

Але ў каардынатараў кампаніі асаблівай крыўды няма, кажа Ніна Шыдлоўская.

«Тут мяжа вельмі тонкая. Бо, з аднаго боку, мы ж усюды дэкляруем і зьяўляемся прыхільнікамі таго, каб нашы ідэі спараджалі вал іншых ідэй. Але былі такія моманты, калі нахабна і жорстка ў нас кралі, «пазычалі». Скажам так, «заимствовали»: «Культура — гэта тое, што нас аб’ядноўвае» — бачылі білборды дзяржаўныя? А першы наш плякат, які Міхал Анемпадыстаў рабіў: «Будзьма беларусамі — гэта тое, што нас аб’ядноўвае і робіць унікальнымі».

І дзякуй Богу, што хоць такім чынам яно ідзе ў галовы людзей, пашыраецца. Мы не заўсёды маем магчымасьць самі разьмясьціць гэта на білбордзе, а дзяржава гэты лёзунг узяла і пашырае», — перакананыя каардынатары кампаніі.

Ніна Шыдлоўская дадае, што напачатку яны вельмі пільна, жорстка сачылі, дзе выкарыстоўваецца лягатып «Будзьмы» — на якіх акцыях, бо прынцыповым момантам была якасьць мерапрыемства.

«Скочвацца ў палітызаваны сэгмэнт мы не хацелі, калі замахнуліся даць пазытыў беларушчыне ў галовах незаангажаваных людзей. У першыя гады канфлікты былі нават зь сяброўскімі, партнэрскімі структурамі, якія не разумелі, чаму мы супраць выкарыстаньня нашага лягатыпу. У нас не выпадковы лягатып, не выпадковае спалучэньне колераў, і нам вельмі важна, каб гэта закладалася ў падсьвядомасьць беларусаў», — тлумачыць Ніна Шыдлоўская.

10. Што не атрымалася?

«Не атрымалася, каб праз 10 гадоў кожны беларус сказаў: «Так, я карыстаюся толькі беларускай мовай, бачу гісторыю Беларусі ў рэтраспэктыве эўрапейскай і гэтак далей», — кажа Алена Макоўская.

Шмат чаго не атрымалася і па дробязях, але ня ўсе працоўныя моманты, непаразуменьні атрымлівалі розгалас.

«Мы ніколі не рабілі інфармацыйнай нагоды з таго, што нам дзесьці адмовілі ў памяшканьні, забаранілі мерапрыемства. А было рознае: і забаранялі, і не пускалі, да гэтага часу бываюць непаразуменьні зь мясцовымі адміністрацыямі. Быў пэрыяд, калі нас не прапускалі ні празь якія абходныя шляхі, не прапускалі рэкляму нават культурных, музычных імпрэзаў у мэтро — на наземных афішах можна, у мэтро нельга. Усялякае бывала», — дадае Ніна Шыдлоўская.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?