Мы распыталіся ў прадстаўнікоў беларускай чыгункі, што адбываецца.
«Яшчэ ў 2016 годзе беларускай чыгункай былі распрацаваныя адзіныя падыходы да якасці паслуг. У тым ліку змены закранулі і так званую здымную маёмасць у вагонах: дываны, матрацы, коўдры, пасцельную бялізну, маршрутныя ўказальнікі, інфармацыйныя ўказальнікі ў вагонах. Гэта не значыць, што да 2016 года нічога не абнаўлялася. Проста на змену прыйшлі новыя матэрыялы і фірмовыя колеры беларускай чыгункі — белы, сіні, шэры».
У здымнай маёмасці, вядома, ёсць свае тэрміны прыдатнасці. У коўдраў, напрыклад, тэрмін — чатыры гады. І вось калі коўдры, матрацы і дываны выпрацоўваюць свой рэсурс, іх замяняюць.
«З часам усё мяняецца. Мы даўно адмовіліся ад падушак з пер’я, а калі ў матрацаў і коўдраў скончыўся тэрмін эксплуатацыі, сталі думаць пра тое, што апошнім часам з’яўляюцца шмат новых матэрыялаў, якія лёгка захоўваць, чысціць. Таму і вырашылі абнавіць коўдры на сінтэпонавыя».
Але ў першую чаргу коўдры заменяць на новыя пакуль толькі ў СВ-вагонах і купэйных вагонах.
У плацкартах застануцца звыклыя ўсім паўваўняныя коўдры.
«Працэс абнаўлення маёмасці даволі складаны. Пасажырам жа хочацца, каб было зручна, мякка і цёпла. Патрабаванні чыгункі значна шырэйшыя. Трэба, каб той жа матрац мог лёгка скручвацца, каб яго і пасажыр, і праваднік маглі лёгка дастаць з верхняй паліцы. Матрацы прайшлі шэраг выпрабаванняў. Да нас вытворцы матрацаў ездзілі як на выставу дасягненняў. Аказалася, што ў адных матрацах збіваўся сінтэпон, пасля чысткі матрацы мянялі памер. Ва ўмовах вагона, напрыклад, матрацы маглі не адпавядаць памерам спальнага месца, або іх пакрыццё было такім, што пасажыр з’язджаў з паліцы».
Матрацы тэставалі на брыгадах цягніка.
«Так, спачатку на новых матрацах спалі праваднікі і начальнікі цягнікоў. Пасля тэсціравалі на пасажырах. Урэшце рэшт, прыйшлі да паразумення».
Усе коўдры, пасцельную бялізну і матрацы чыгунцы пастаўляюць беларускія вытворцы.
«З дыванамі гісторыя была больш цікавая, бо не маглі доўгі час выбраць, хто з двух беларускіх вытворцаў будзе пастаўляць дыванковыя дарожкі чыгунцы. Пасля доўгіх перамоў усё ж вырашылі, што гэта будуць вытворцы з Віцебска, якія прапанавалі неабходныя памеры і колер».





