Фота Волі Афіцэравай

Фота Волі Афіцэравай

У Менску працягваецца суд над былым старшым лейтэнантам Паўлам Сукавенкам і прапаршчыкам Артурам Вірбалам. Пачаўся допыт абвінавачаных, піша Радыё Свабода.

Працэс Сукавенкі-Вірбала пачаўся падчас перапынку ў судзе па справе аб сьмерці Аляксандра Коржыча. За першыя два дні былі апытаныя шасьцёра пацярпелых. Усе яны — былыя сяржанты роты Коржыча, палова з пацярпелых адначасова зьяўляецца абвінавачанымі па справе Коржыча (Бараноўскі, Вяжэвіч і Скуратовіч), яшчэ палова альбо ўжо асуджаная па іншых справах аб дзедаўшчыне, альбо чакае прысуду. Крымінальнага перасьледу пазьбегнуў толькі сяржант Шулякоўскі, які працягвае службу і ў суд прыйшоў у форме.

На трэці дзень працэсу пачаўся допыт абвінавачаных. Прапаршчык Артур Вірбал цалкам прызнаў сваю віну (часткі 1 і 2 артыкула 455 КК, перавышэньне ўлады, альбо бязьдзеяньне ўлады), аднак на ўдакладняючыя пытаньні пракурора заявіў, што ўсё ж ня біў падначаленых яму сяржантаў. Прынамсі, нічога такога ўзгадаць ня можа.

«Калі яны кажуць, што біў, значыць біў, — сказаў прапаршчык. — Я прызнаю гэта, але ня памятаю».

Падчас допыту Артур Вірбал таксама патлумачыў матывы сваіх паводзінаў. Па словах прапаршчыка, ён разумеў незаконнасьць такіх дзеяньняў, але лічыў, што гэткім чынам абараняе сяржантаў ад больш суворага пакараньня.

«Прыходжу ў роту, ложкі толкам не запраўленыя, стулы раскіданыя, падушкі валяюцца, поўны беспарадак, — расказаў Вірбал пра адзін з эпізодаў. — Стаялі, на заўвагі мае не рэагавалі. Я разумею, што паступаў няправільна. Што ёсьць закон, што трэба паступаць згодна статуту. Калі суд палічыць, што тут мелі месца пазастатутныя адносіны, то я прызнаю гэта, так. Я прызнаю выпадкі, што загадваў легчы ва ўпор лежачы. Але я не хацеў прычыняць фізычнага болю і маральных пакутаў. Калі ў арміі ставіцца задача, яна павінна быць выкананая. Я клаў сяржантаў ва ўпор лежачы, каб узбадзёрыць іх. Трэба было заносіць парушэньні ў асабістую справу, садзіць на гаўптвахту. Але я чалавек просты, шкадаваў іх».

Вірбал ня змог расказаць суду пра акалічнасьці большасьці выпадкаў зьбіцьця падначаленых сяржантаў. Прапаршчык паведаміў, што проста ня памятае такіх выпадкаў і таму ня можа расказаць пра іх падрабязна.

«На нестатутныя адносіны з ліку пацярпелых сяржантаў мне ніхто ніколі ня скардзіўся, — паведаміў суду Артур Вірбал. — Бацькі салдат таксама ня скардзіліся. Я не зьбіраўся рэалізоўваць свае ўладныя амбіцыі. Мне ставілі задачу, я яе выконваў. Прымушаючы сяржантаў адціскацца ад падлогі я імкнуўся ўсталяваць парадак».

Урэшце Артур Вірбал папрасіў суд хутчэй скончыць яго допыт, асудзіць і накіраваць у калёнію. Па словах абвінавачанага, ён амаль ня памятае нічога з таго, што яму інкрымінуюць. Таму згодны пагадзіцца з усімі паказаньнямі абвінавачаных, каб скончыць суд.

«Высокі суд, я, канешне, прабачаюся, але мне такія абвінавачваньні на працягу суда выстаўлялі — на працягу году біў пяць разоў, — заявіў Вірбал. — Самі пацярпелыя ня памятаюць, дзе я каго біў і колькі разоў. Як я тады магу памятаць? Сьледчы гаварыў мне, што вось сяржанты расказалі ўсё, прызнавай. Я і прызнаваў. Асудзіце мяне і паеду адбываць пакараньне. Стаміўся я. Калі я насамрэч такі злачынца, то асудзіце мяне і ўсё. Я лепш паберагу свае нэрвы, усё прызнаю і паеду адбываць пакараньне».

Працэс па справе Вірбала-Сукавенкі працягваецца. Наступным паказаньні будзе даваць камандзір роты Аляксандра Коржыча, былы старшы лейтэнант Павел Сукавенка. Абодвум пагражае пакараньне ў выглядзе да 10 гадоў пазбаўленьня волі. Суд па справе Аляксандра Коржыча адновіцца 8 кастрычніка

«Не мы стварылі сістэму, не нам яе ламаць»: судзяць старшыну і камандзіра роты, дзе служыў Коржыч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?