Генеральны дырэктар «Беларуськалія» Іван Галаваты назваў «баластам» сваіх былых супрацоўнікаў, якія перайшлі працаваць на «Слаўкалій». Пра гэта ён заявіў у інтэрв'ю ведамаснаму часопісу Камітэта дзяржаўнага кантролю.
Іван Галаваты. Фота БелТА
Галаваты прызнае, што «Слаўкалій», які належыць расійскаму мільярдэру Міхаілу Гуцэрыеву, пакуль што плаціць вышэйшыя заробкі.
«Сёй-той з салігорскіх калійшчыкаў клюнуў на прывабную прапанову. Аднак сумняюся, што ў «Слаўкалія» атрымаецца ўтрымаць такі ўзровень зарплаты пасля запуску вытворчасці», — лічыць Галаваты.
Ён нагадвае, што «Беларуськалій» — стабільнае прадпрыемства, і негатыўна адклікаецца пра тых, хто пайшоў на Гуцэрыева.
«Прадпрыемства пазбаўляецца ад баласту», — заявіў Галаваты пра былых падначаленых і запэўніў, што не шкадуе пра іх сыход.





