Павел Сукавенка, фота Волі Афіцэравай

Павел Сукавенка, фота Волі Афіцэравай

Былы старшы лейтэнант Павал Сукавенка расказаў у судзе пра сваё бачаньне сытуацыі ў роце, піша Радыё Свабода.

Суд над Паўлам Сукавенкам і Артурам Вірбалам, якія камандавалі ротай Коржыча да ягонай сьмерці, пачаўся 1 кастрычніка. Пацярпелымі на гэтым працэсе прызналі сямёра сяржантаў, абвінавачанымі — былога старшага лейтэнанта і прапаршчыка. Абодвух абвінавачваюць у злоўжываньні ўладай альбо бязьдзеяньні ўлады. Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь прадугледжвае за гэтае злачынства да 10 гадоў пазбаўленьня волі.

Артура Вірбала дапыталі напярэдадні, 3 кастрычніка. Ён цалкам прызнаў сваю віну, хоць і прызнаўся, што ня памятае большасьці інкрымінаваных яму эпізодаў зьбіваньня падначалены альбо прымусу іх да выкананьня фізычных практыкаваньняў

«У сярэднім штомесяц я забіраў каля аднаго рубля з заробку кожнага салдата, часам капейкі, — сказаў Сукавенка. — У мяне проста не было рэшты. Грошы, якія трэба было выдаваць сяржантам падчас звальненьняў, я не выдаваў таму, што так было прынята ў частцы.

Гэтыя грошы ішлі на патрэбы часткі. Сяржанты пра гэта ведалі і не пратэставалі. Я ня ведаю, чаму яны цяпер гэта адмаўляюць. Усе ведалі, куды ідуць гэтыя грошы. Прынтэры запраўлялі, куплялі бэнзін для бэнзакасы, яшчэ нешта».

Сукавенка заявіў, што прызнае сваю віну ў тым, што недадаваў салдатам і сяржантам частку грошай (штомесяц кожны шараговец атрымліваў каля 9 рублёў, сяржант — каля 15. — РС). І гатовы кампэнсаваць пацярпелым тыя сумы, якія яны назавуць

«Прызнаю сваю віну ў тым, што атрымліваў ад падначаленых прадукты, — працягнуў расказваць пра свае ўчынкі Павал Сукавенка. — Каву, цыгарэты. Таксама гатовы кампэнсаваць усе страты. Прызнаю сябе вінаватым і раскайваюся ў гэтым.

Што датычыць фізычных практыкаваньняў, адцісканьняў, удараў драўлянай палкай — я памятаю ня ўсе названыя ў матэрыялах справы выпадкі. Але прызнаю, што гэта магло быць. Каму менавіта наносіў удары палкай (гаворка пра ўдары адмысловай драўлянай палкай па ягадзіцах, якія выкарыстоўваліся ў якасьці пакараньня за дапушчаныя сяржантамі парушэньні. — РС), я ня памятаю, але гэта было.

Гэта не выкарыстоўвалася мной як мера пакараньня. Не для таго, каб прычыніць маральныя перажываньні альбо фізычны боль. У той момант гэта больш было падобна на сьмешную сытуацыю. Усе ўсьміхаліся і сьмяяліся»

Даючы суду паказаньні, Павал Сукавенка падкрэсьліў, што загады стаць ва ўпор лежачы і ўдары палкай па ягадзіцах выкарыстоўваліся для наладжваньня дысцыпліны, а не для таго, каб узвысіцца альбо «задаволіць свае нізкія схільнасьці і падтрымаць такім чынам свой аўтарытэт».

«Я ўмеў і мог навесьці парадак, але толькі ў сваім невялікім падразьдзяленьні, — сказаў Сукавенка. — Не ва ўсіх Узброеных сілах. Усе мае дзеяньні сяржанты маглі абскардзіць, але не зрабілі гэтага. Я раскайваюся ў тым, што зрабіў. Гатовы панесьці пакараньне».

Паслухаць паказаньні былога афіцэра Паўла Сукавенкі прышлі каля 15 курсантаў Вайсковай акадэміі, якую абвінавачаны скончыў у 2015 годзе. З шэрагаў Узброеных сіл Сукавенка быў звольнены 13 кастрычніка 2017 году, неўзабаве пасьля сьмерці Аляксандра Коржыча і перад самым затрыманьнем супрацоўнікамі КДБ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?