У Віцебскім заапарку стала на аднаго птушынага насельніка больш. З Полацкага раёна сюды прывезлі чорнага бусла, які аказаўся зусім не тым, за каго яго выдавалі, піша sb.by

Фота Віцебскага заапарку

Фота Віцебскага заапарку

«Менавіта так, як рэдкую чырванакніжную птушку, яго на днях і вызначылі да нас», — сказала дырэктар заапарку Ірына Арлова. Прыгледзеўшыся ўважлівей, спецыялісты змянілі меркаванне. Заключэнне мінскіх арнітолагаў адназначнае: бусел не чорны, а белы, самы распаўсюджаны ў Беларусі.

У зман усіх увёў колер апярэння, дэталізуе Уладзімір Куксёнак, начальнік Наваполацкай гарадской і раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя:

— Пра тое, што птушка не проста адбілася ад чарады, а наогул не можа лётаць, нам паведамілі ўсхваляваныя жыхары вёскі Двор-Саланевічы. Выехаўшы на месца, мы пераканаліся, што без умяшання чалавека не абысціся. Небараку, што не мог лётаць, прыйшлося вылавіць і адправіць у заапарк.

Уладзімір Дзмітрыевіч пацвердзіў: спярша яны вырашылі, што выратавалі ад немінучай гібелі рэдкі, чырванакніжы экзэмпляр. Але прадстаўнікі грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны», да якіх эколагі звярнуліся па кансультацыю, запэўнілі: выйшла памылка. На справе птушка не ў Чырвонай кнізе, а ў чымсьці падобным на мазут, хоць яго характэрнага паху і няма.

Ірына Арлова запэўніла, што зараз бусел адчувае сябе добра і чакае цёплых дзянькоў, каб прыняць водныя, «адбельвальныя», працэдуры. Мяркуюць, што птушка перазімуе ў Віцебску, а потым зможа паляцець на волю. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0